Металургі і іх мадэлі. Прафесійнае свята – Дзень металурга адзначае калектыў ТАА «ТМТ»

Сёння прафесійнае свята – Дзень металурга – адзначаюць людзі ў прамым сэнсе гарачай прафесіі. Такіх у Ляхавіцкім раёне больш за шэсць дзясяткаў – плавільшчыкаў металаў і сплаваў, заліўшчыкаў расплаўленай масы ў падрыхтаваныя формы, мадэльшчыкаў-зборшчыкаў, інжынераў і тэхнолагаў… Сабраны ўсе на адной пляцоўцы – фарміруюць штат таварыства з абмежаванай адказнасцю «ТМТ».

Гэта збудаванне з’явілася ў прамысловай частцы горада каля дзясятка гадоў назад. «Ляхавіцкі веснік» пабываў на экскурсіі па цэхах і ўчастках, а ў чым «сталь» іх работы, даведаўся з расказа начальніка вытворчасці ТАА «ТМТ» Аляксандра Сяргея. На прадпрыемстве ён з першых месяцаў, прайшоў не адну ступень росту. Спецыфіку «ТМТ» ведае з усіх накірункаў і можа меркаваць пра яго з пазіцыі кожнага работніка.
– У асноўным на прадпрыемстве знайшлі выкарыстанне дзве тэхналогіі: ліццё металаў і сплаваў па газіфікаваных мадэлях і па мадэлях, вырабленых з блочнага полістыролу. Ліцейная мадэль з’яўляецца копіяй будучай вырабленай з металу ці сплаву загатоўкі дэталі. У нашым выпадку матэрыялам для вырабу мадэляў з’яўляецца ўспенены полістырол. Толькі ў першым варыянце мадэль фарміруецца з дробна-сыпкага полістыролу, у другім – выразаецца з яго маналітнага кавалка, – тлумачыць Аляксандр Міхайлавіч.
Затым, калі гаварыць проста, мадэлі «закопваюцца» ў пясок – апоку – і заліваюцца расплаўленай металічнай масай. Разагрэты прык-ладна да 1 400 градусаў па шкале Цэльсія метал ці сплаў становіцца вадкацякучым. Лёгкаплаўкая полістырольная мадэль выцясняецца, а яе аб’ём запаўняецца вадкай металапластмасай. Час на застыванне – і рэальная загатоўка патрэбнай дэталі гатова.
Гэта калі спрошчана пра асноўны этап вытворчасці «ТМТ».
Прадпрыемства працуе, у тым ліку, па заказах такіх гігантаў айчыннага машынабудавання, як ААТ «БелАЗ» і
«АМКАДОР». Выпускае для іх шырокую наменклатуру корпусных вырабаў, тэхналагічных накрывак, тармазных элементаў, частак карданных перадач, колавых калодак, асноў пад рэдуктары, рознага калібру механічных цяг.
– З Расіяй нас звязваюць у асноўным дробна-серыйныя адгрузкі. Канешне ж, ёсць жаданне і прымаюцца меры для наладжвання пастаяннага супрацоўніцтва з суседняй краінай. «ТМТ» выконвала і заказы прадпрыемстваў свайго раёна. Напрыклад, для патрэб «Ляхавіцкага ПМС» вырабляла элементы каўшоў экскаватараў, для адной з прыватных ляхавіцкіх арганіза-
цый – некаторыя пазіцыі абсталявання для распілоўкі драўніны, – тлумачыць Аляксандр Сяргей.
У месяц праз прадпрыемства праходзіць ад 50 да 80 тон металу і сплаваў – некалькіх відаў чыгуну, сталі. У тым ліку легіраванай і нержавеючай. За мінулы год, напрыклад, было перапрацавана каля
1 200 тон шыхты – адходаў іншых металаапрацоўчых вытворчасцяў і ўласнага так званага зваротнага лому. Увесь гэты металічны лом на магутнасцях «ТМТ» набыў другое жыццё – рэалізаваўся ў адліўках загатовак дэталяў для камплектацыі новых машын, агрэгатаў, механізмаў.
У штаце знаходзяцца работнікі, якія захоўваюць вернасць «ТМТ» на ўсім працягу яго існавання. Напрыклад, галоўны тэхнолаг Яўгеній Ракуць.
Сярод працаўнікоў нямала моладзі. Ёсць сямейныя пары. А прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва займаюць у
ТАА «ТМТ» і інжынерна-арганізацыйныя пасады, і
ўдзельнічаюць непасрэдна ў вырабе канчатковага прадукту прадпрыемства.
У «ТМТ», верыцца, ёсць добрыя вытворча-эканамічныя перспектывы. Арганізацыя не з’яўляецца банальнай. Наадварот, адрозніваецца сваім арыгінальным
«тварам».
У планах прадпрыемства – пашырэнне вытворчасці, у сувязі з чым ТАА «ТМТ» гатова прыняць на работу маладых, таленавітых, працавітых. Не абавязкова быць металургам, галоўнае – жаданне працаваць і быць адказным. «ТМТ» гатова вучыць, настаўнічаць, рыхтаваць уласныя кадры.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.