Разам за зялёны горад.Як зрабіць горад прыгожым, ведаюць ляхавіцкія камунальнікі
Як зрабіць наш райцэнтр прыгожым, ведаюць працаўнікі камунгаса. Менавіта яны ў адказе за гарадскую ўтульнасць і камфорт. Безліч яркіх кветак і зялёных насаджэнняў, адметныя малыя архітэктурныя формы, шмат мясцін, дзе любяць адпачываць гараджане, – гэта ўсё пра нашы Ляхавічы. Але ўсе намаганні камунальнікаў застануцца дарэмнымі, калі іх працу не будуць падтрымліваць і цаніць іншыя. Кожны аб’ект, тым больш расліннага свету, патрабуе ўвагі і клопату. І не заўсёды камунальнікі могуць усюды паспець.
12 ліпеня на вуліцы Арлоўскага ў райцэнтры камунгас паліваў, праполваў зялёныя насаджэнні каля шматкватэрнікаў, якія тут з’явіліся мінулай восенню.
На жаль, многія туі падсохлі, давялося выдаляць. Прыжыліся і радуюць жыльцоў дамоў расліны, якія нераўнадушныя землякі даглядалі. Камунгас не забыў пра саджанцы – проста аб’ектаў у цэнтры іх увагі шмат. Спецыялісты камунальнай службы ўдзячны тым ляхавічанам, якія падтрымліваюць прыгажосць каля сваіх дамоў і цэняць працу землякоў.
Майстар участка «Добраўпарадкаванне» камунгаса Святлана Саласцеева з горыччу заўважае, што некаторыя з саджанцаў выкрадзены – замест іх засталіся пустыя ямкі. Так быць не павінна. Такія дзеянні кваліфікуюцца законам як крадзеж.
«ЛВ» на сваіх старонках неаднойчы пісаў пра праблемы вуліцы Арлоўскага. У мінулым нумары («ЛВ» № 51 ад 12 ліпеня) была
ўзнята тэма і нумарацыі дамоў, якая з цягам часу стала
не зусім бачнай. Днямі з’явілася новая шыльда на доме № 18. У камунгасе запэўнілі, што яны будуць заменены і на другіх шматкватэрніках. А вось каб туі і кусты радавалі гараджан, варта паклапаціцца і жыхарам бліжэйшых дамоў. А ў спрыяльны для пасадкі культур тэрмін камунгас дапоўніць гэтыя тэрыторыі зялёнымі насаджэннямі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.