Святая да музыкі любоў. У сценах касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Мядзведзічах працягваецца фестываль арганнай музыкі

У гэтым годзе першыя фестывальныя акорды прагучалі ў Мядзведзічах 2 ліпеня. Працяг здарыўся амаль праз два тыдні. У мінулую суботу клавішна-духавы інструмент праверылі на гучанне пяцікурснікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Аляксандр Мігура, Анастасія Трапянкова і Анастасія Бруянкова. Наперадзе ў іх яшчэ год студэнцтва. Але, мяркуючы па віртуознасці «здабывання» гукаў пры дапамозе арганнай сістэмы, вучнямі даўно не з’яўляюцца.

За дзясятак хвілін да пачатку, пакуль слухачы прыбывалі і ўладкоўваліся для канцэрта пад зводам касцёла, Аляксандр і Анастасія расказалі, што з гэтым касцёлам і ўсталяваным тут арганам сустракаюцца ўпершыню. Пра існаванне інструмента звесткі мелі, ведалі, што рамантычны, па іх словах, арган з’яўляецца адзіным работы майстра Пятра Вайцяховіча ў Беларусі.
– Вызначаецца прыгожым тэмбрам, здольны выдаваць багатую палітру гукаў. Для нас паспрабаваць сябе ў ігры на інструменце 1912 года з’яўляецца добрай і вельмі цікавай практыкай, новым вопытам. Больш старадаўнія арганы ёсць у Гродне, Пінску, але выраблены названым спецыялістам, наколькі ведаем, адзіны ў краіне, – адзначылі музыканты.
На пытанне, на што звярнуць увагу, на чым засяродзіцца падчас канцэрта, параілі ні аб чым не думаць, дазволіць сабе пачуццё лёгкага ўнутранага расслаблення, заспакоенасці. Калі спецыяліст і музыка незнаёмыя, лепш за ўсё слухаць сэрцам. Іменна так ёсць верагоднасць атрымаць шчырае задавальненне ад канцэрта.
У канцэрце прагучалі творы нямецкіх кампазітараў Дзітрыха Букстэхудэ і Эрнста Рыхтара, французскага аўтара Сезара Франка. Акорды транс-
фармаваліся ў магутныя хвалі гукаў. Імі не толькі поўніцца зала ад падлогі і да самых зводаў культавай пабудовы, момантамі ўзнікаў настрой уласнага
ўдзелу – твайго палёту ў асярод-
дзі бяскрайняга акіяна гукаў.
Слухачоў было нямала.Некаторыя пажадалі слухаць старадаўні арган, выкананне майстроў-інструменталістаў стоячы. Не забываючыся пры гэтым пра апладысменты – выразныя, шчырыя і ўдзячныя.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.