Ёсць давер – ёсць упэўненасць. У Ляхавіцкім раёне з праблемамі і зваротамі жыхароў рэгіёна і не толькі знаёміўся-вырашаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

19 ліпеня члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь правялі адзіны дзень прыёму грамадзян у Брэсцкай вобласці.

У Ляхавіцкім раёне з праблемамі і зваротамі жыхароў рэгіёна і не толькі знаёміўся-вырашаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы.

Як заўжды, кола пытанняў было шырокае: ад бытавых праб-
лем да сельскагаспадарчых інвестпраектаў. У кожным выпадку – увага да дробязяў, зварот да заканадаўчых нормаў.
Бясспрэчнае адабрэнне і абяцанне пасадзейнічаць у вырашэнні пытання – гэта пра зварот дырэктара ТАА «Яблыневы Пасад» Віктар Ружын. Кіраўнік прадпрыемства даў поўную раскладку сельскагаспадарчых спраў, падзяліўся планамі на бліжэйшую перспектыву. А ў планах, у тым ліку, пашырэнне плошчаў і відаў дзейнасці. Для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта развіцця садоўніцтва ТАА неабходны дадатковыя гектары. Менавіта на гэтай тэрыторыі, па словах Віктара Ружына, могуць з’явіцца пасадкі з грушамі, вішнямі.
Як адзначыў Міхаіл Русы, такое пашырэнне толькі на карысць раёну. Па-першае, гэта задзейнічанне зямельных угоддзяў, галоўнае, каб яны адпавядалі мэтам. Па-другое, гэта стварэнне працоўных месцаў, развіццё інфраструктуры. Таму дбайных гаспадароў варта падтрымліваць.
Наступнае пытанне тычылася выкупу дома з прыватнага жыллёвага фонду ААТ «Жарабковічы». Шматдзетная сям’я, дзе бацькі – працаўнікі прадпрыемства, жадае выкупіць дом, што прадаставіла ААТ. Аднак, нюансаў у вырашэнні аказалася шмат. Міхаіл Русы па паліцах расклаў розныя варыянты, пракаментаваў усё згодна з заканадаўствам. Пытанне застаецца на кантролі.
Ужо з вядомай для раёна просьбай звярнуўся да члена Савета Рэспублікі ветэран спорту Андрэй Куркач. У многіх раёнах Брэстчыны ёсць басейны. Гэта, па словах ляхавічаніна, і паказчык развіцця рэгіёна. Акваторыя – гэта карысць для здароўя, асабліва, калі размова ідзе пра маленькіх землякоў. Без сумненняў, будаўніцтва такога аб’екта – справа важная і неабходная. Тым больш, як адзначыў Міхаіл Русы, Ляхавіччына значыцца ў адпаведных праграмах у плане будаўніцтва басейна. Вядомы і тэрміны: 2025 год павінен стаць як мінімум пачаткам узвядзення.
– Прыемна, што ляхавічане клапоцяцца пра свой утульны горад, яны бачаць яго ў перспектыве далейшага жыцця і жадаюць дапоўніць рознымі аб’ектамі інфраструктуры. Клапоцяцца пра сваю культурную, спартыўную, гістарычную спадчыну. Гэтага ў беларусаў не адняць, – пракаментаваў Міхаіл Русы.
Наступныя пытанні былі з адсылкай у Баранавіцкі і Клецкі раёны.
Жыхары Баранавіцкага раёна звярнуліся з просьбай дапамагчы вырашыць пытанне ў фарміраванні і ўладкаванні праезда па зямельным участку да жылога дома. Адказ па пытанні дадзены, як і варыянты вырашэння.
– Каштоўнасць такіх формаў работы бясцэнная. Мы ведаем, што хвалюе беларусаў, з якімі праблемамі яны сутыкаюцца ў паўсядзённым жыцці, і як гэтыя сітуацыі дапамагае рэгуляваць і вырашаць закон. Мы ацэньваем і сваю работу. Немалаважна, што кожны зварот – гэта і ацэнка работы органаў мясцовай улады. Дадзеныя абяцанні павінны выконвацца: гэта адзнака кіраўніку любога ўзроўню. Адпаведна, і ўзровень даверу насельніцтва. А калі ёсць давер, ёсць упэўненасць, што мы рухаемся ў правільным накірунку. Важна, каб кожны грамадзянін імкнуўся прадукцыйна працаваць на сваім месцы, тады эканамічна мы будзем забяспечаны. А калі ёсць эканоміка – мы моцныя! Гэта пасыл Кіраўніка беларускай дзяржавы, – акцэнтаваў Міхаіл Русы.
На прыёме прысутнічалі старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз і старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч. Падчас прыёму Міхаіл Русы цікавіўся ходам уборачнай кампаніі, абмеркавалі і перспектывы сёлетняга жніва. Таксама сенатар падкрэсліў, што сёння мы гаворым пра развіццё і стаўку на рэгіёны. І падыход павінен быць комплексны. Моцная эканоміка дазволіць выйсці і на новы ўзровень у вырашэнні сацыяльных пытанняў. А за гэтым падцягнецца і ўзровень жыцця насельніцтва.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.