Абітурыенты выбіраюць ЛАК. У Ляхавіцкім аграрным каледжы таксама стартавала ўступная кампанія

З 20 ліпеня сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі Беларусі пачалі прымаць дакументы ад абітурыентаў.
У Ляхавіцкім аграрным каледжы таксама стартавала ўступная кампанія. І выпускнікі паспяшаліся не адкладваць справу  на пасля і падаць дакументы ў першы дзень.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Юнакі і дзяўчаты прыбылі ў райцэнтр зранку – прыёмная камісія працуе з 9 да 18 гадзін без абеду з панядзелка па суботу. У навучальнай установе ўсё арганізавана так, каб было зручна і аператыўна.
Адказны сакратар прыёмнай камісіі Ірына Дубікоўская расказала «ЛВ», што сёлета на тры спецыяльнасці плануюць залічыць
150 чалавек. Паўсотні абітурыентаў, якія закончылі дзевяць класаў, прымуць на спецыяльнасць «вытворчасць прадукцыі расліннага паходжання» і столькі ж на «ветэрынарную медыцыну».
На спецыяльнасць «вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання» адкрыты набор на 25 месцаў на аснове агульнай базавай адукацыі і столькі ж на аснове агульнай сярэдняй адукацыі.
Па стане на 18 гадзін 20 ліпеня дакументы падалі 30 абітурыентаў. Папулярнасцю, як і летась, карыстаецца «ветэрынарная медыцына». Жадаюць навучацца па спецыяльнасці ўжо 16 чалавек. На другім месцы «вытворчасць прадукцыі расліннага паходжання» – пададзена дзесяць заяў.
Ляхавіцкі аграрны каледж выбіраюць рабяты з бліжэйшых рэгіёнаў і не толькі.
З Баранавічаў і Баранавіцкага раёна падалі дакументы 17 абітурыентаў, па тры – з Клецка, з Ляхавіччыны і Ганцавічаў, два –
са Слуцка, па адным з Мінска і Нясвіжскага раёна.
Сярэдні бал атэстата аб заканчэнні навучальнай установы вар’іруецца ад 3,6 да 8 балаў.
Прыём дакументаў на аснове агульнай базавай адукацыі працягнецца па 3 жніўня, на аснове агульнай сярэдняй адукацыі – па 12 жніўня.
Ляхавіцкі аграрны каледж 65 гадоў рыхтуе спецыялістаў аграрнай галіны, вызначаецца практыка-арыентаваным навучаннем. Важкі плюс і забеспячэнне навучэнцаў інтэрнатам на ўвесь перыяд атрымання адукацыі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.