Пост хуткага рэагавання. 25 ліпеня выратавальнікі-пажарныя адзначаюць прафесійнае свята

Уладары стыхій, утаймавальнікі агню, агняборцы, людзі вогненнай прафесіі – так з павагай называюць тых, хто ліквідуе пажары і ўхіляе наступствы надзвычайных сітуацый. 25 ліпеня выратавальнікі-пажарныя адзначаюць прафесійнае свята.

З дня стварэння
Сёлета свята ўзмоцнена важкім юбілеем – пажарная служба Беларусі адзначае 170-годдзе. З дня яе стварэння – 25 ліпеня 1853 года – многае змянілася, але засталася нязменнай заўсёдная гатоўнасць імг-
ненна прыйсці на дапамогу.
На Ляхавіччыне пажарная каманда існавала з 20-х гадоў XX стагоддзя, якая дзейнічала на добраахвотных пачатках. Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе ў Ляхавічах арганізавана прафесійная гарадская пажарная каманда, якая мела і свой асобны будынак. Для выезду на пажары выкарыстоўвалася машына-палутарка з устаноўленай ручной пажарнай помпай і ёмістасцю для вады аб’ёмам 600 літраў. У дапамогу – багры, лапаты, ламы, рукавы і ствалы…
Гісторыя стварэння Ляхавіцкага РАНС бярэ адлік з верасня 1997 года, калі на базе ваенізаванай пажарнай часці № 29 і асобных пастоў ваенізаванай пажарнай службы раёна быў сфарміраваны атрад ваенізаванай пажарнай службы г. Ляхавічы і раёна ў колькасці 62 чалавек. Праз тры гады атрад рэарганізаваны ў пажарны аварыйна-выратавальны атрад, а ў 2001 годзе ПАВА нададзены новы статус –
Ляхавіцкі РАНС Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь.

Сёння РАНС – гэта ПАСЧ № 1 у Ляхавічах і ПАВП № 11 у Ліпску, ПАВП № 14 у Шчэрбаве і ПАВП № 13 у Тальмінавічах. У складзе райаддзела –
сектары нагляду і прафілактыкі, арганізацыі і функцыянавання дзяржаўнай сістэмы надзвычайных сітуацый і прапаганды.

Калектыў ПАВП № 13 з начальнікам Іванам Кулаком.

Каманда ПАВП № 13
Год назад узначаліў ПАВП № 13 Іван Кулак, які ў сістэме МНС больш за дзесяцігоддзе. Прафесійную біяграфію пачынаў з выратавальніка-пажарнага, нейкі час служыў у Баранавічах і зараз з веданнем справы выконвае свае службовыя абавязкі на пасадзе начальніка тальмінавіцкага паста. Добрасумленным і адказным стаўленнем да справы зарэкамендаваў сябе як кампетэнтны спецыяліст, які арыентуецца ва ўсіх напрамках прафесійнай дзейнасці. Падначаленыя адзначаюць, што іх начальнік заўсёды гатовы падтрымаць і працягнуць руку дапамогі.
У штаце паста – сем байцоў, з якіх чатыры – вадзіцелі. Шмат выездаў у іх на тушэнне пажараў у Клецкі і Ганцавіцкі раёны.
Не пералічыць, праз колькі выпрабаванняў за 23 гады прафесійнай дзейнасці прайшоў старшы інструктар-выратавальнік Юрый Малевіч. Мае ўзнагароды і адзнакі рознай вартасці, але галоўнай ацэнкай службы лічыць шчаслівыя ўсмешкі людзей, якім змог дапамагчы.
Хуткае ўхіленне ўзгарання ў многім залежыць ад майстэрства вадзіцеля. Сяргей Нікулін ужо сем гадоў аператыўна дастаўляе калег да месца выкліку. Па спецыяльнасці электрык, калі трэба, і машыну адрамантуе, і іншую работу зробіць. Спецборт, нягледзячы на сезонныя здарэнні, заўсёды напагатове, укамплектаваны вадой і пенай. Да прафесійнага свята Сяргей адзначаны нагрудным памятным знакам «165 гадоў пажарнай службе».
Больш за два дзесяцігоддзі аддаў службе і вадзіцель Аляксандр Грачыха. На дарозе ён сапраўдны віртуоз і ў сістэме МНС лічыцца адным з лепшых. Ён і машыну майстарскі прыпаркуе, і імгненна зрэагуе, калі можа спатрэбіцца дазапраўка вадой.


Прозвішча Вадзіма Трусевіча не раз было на старонках «ЛВ», калі разам з напарнікамі выводзілі з лесу грыбнікоў, якія заблудзілі, выцягвалі са снежных заносаў транспартныя сродкі. За 12 гадоў службы да аўтаматызму адпрацаваў дзеянні па праверцы тэхнічнага стану машыны пры заступленні на змену, а таксама пры выездзе на экстранныя выклікі. Менш чым за 20 секунд апранаецца баёўка, а з моманту сігналу SOS і выезду машыны не праходзіць і мінуты.
Для Станіслава Гаўрыса не мае значэння характар выкліку – палы травы, пажар у доме ці ліквідацыя асінага гнязда – аднолькава спяшаецца ўсюды. Ведае, хвіліна прамаруджвання можа камусьці каштаваць жыцця ці роднага дома. Хваляванне, як адзначае Станіслаў, прысутнічае заўсёды, нягледзячы на 13-гадовы стаж службы. Але толькі спачатку, а далей пачынаецца пралічванне варыянтаў дзеянняў – усё па інструкцыі. Свае абавязкі ведае выдатна і заўсёды дэманструе адказнасць і прафесіяналізм. На месцы здарэння Станіслаў не толькі вадзіцель, але і выратавальнік у поўным сэнсе слова.

Руслан Бурак, Іван Кулак, Сяргей Нікулін, Аляксандр Грачыха.
Аляксандр Грачыха і Юрый Малевіч.

Зарэкамендаваў сябе ў пажарнай справе і Руслан Бурак. Да свята за добрасумленную службу ён узнагароджаны памятным нагрудным знакам «170 гадоў пажарнай службе».
У раскладзе дзяжурства пажарных не толькі дапамога, але і шмат іншага. Трэніроўкі і заняткі, праверку тэхнікі і інструментаў змяняюць бытавыя клопаты. Нарыхтоўка дроў, прыбіранне тэрыторыі, а зімой трэба і кацёл распаліць, каб у памяшканні паста было цёпла. Але бывае  і так, што кідаюць усё і імчаць па адрасе бяспекі. Асабовы склад ПАВП № 13 – дружная каманда, якая не падвядзе.

Ветэраны – гонар і слава
Ляхавіцкі РАНС – аддзел, у якім заўсёды ў пашане ветэраны службы, рады і навічкам. У ганаровым спісе паважаныя кіраўнікі падпалкоўнікі ўнутранай службы Уладзімір Ганчук і Валерый Равінскі. Уладзімір Васільевіч кіраваў РАНС больш за дзесяцігоддзе, Валерый Вікенцьевіч – больш за 15 гадоў. Кожны з іх зрабіў вельмі шмат дзеля развіцця і ўмацавання пажарнай службы.
За апошнія некалькі гадоў пайшлі на заслужаны адпачынак вопытныя выратавальнікі-пажарныя – камандзір аддзялення ПАВП № 11 Генадзій Чаранкевіч, начальнік каравула ПАСЧ № 1 Юрый Таранда, камандзір аддзялення ПАВП № 11 Васілій Рабцэвіч, начальнік паста ПАВП № 13 Віталій Кедзь, камандзір аддзялення ПАВП № 13 Андрэй Жагунь і многія іншыя. Даўгалецця ўсім і бадзёрасці.
– Выпадковыя людзі ў пажарнай службе не затрымліваюцца. А тыя, хто аддаў службе шмат гадоў, – сапраўдныя прафесіяналы, на якіх раўняюцца і з якіх бяруць прыклад. Шчырыя віншаванні з прафесійным святам асабоваму складу РАНС і ветэранам пажарнай службы. Няхай будзе менш трывожных тэлефанаванняў і надзвычайных сітуацый, а больш нагод для радасці і шчасця. Міру, згоды і здароўя вам, паважаныя калегі, – шчыра віншуе калег начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Падзячным пісьмом раённага Савета дэпутатаў
за значны ўклад у папярэджанне і ліквідацыю пажараў
і надзвычайных сітуацый на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна, добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, дасягненне высокіх вынікаў у аператыўна-службовай дзейнасці і ў сувязі з прафесійным святам – Днём пажарнай службы – адзначаны старшы інструктар-выратавальнік ПАВП № 11 Ляхавіцкага РАНС прапаршчык унутранай службы Аляксандр АБРАВЕЦ; майстар-выратавальнік ПАСЧ № 1 Ляхавіцкага РАНС старшы сяржант унутранай службы Яўгеній
ПЯРЭСЬКА.