«Чайка» — горад зорны. Як праходзіць трэцяя змена ў аздараўленчым лагеры «Чайка» Ляхавіцкага раёна

Спадарожнікамі адпачынку рабят на трэцяй змене ў аздараўленчым лагеры «Чайка» сталі вясёлы настрой, зарад бадзёрасці і безліч летніх уражанняў. А яшчэ камфорт, бяспека і ўмацаванне здароўя.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Яшчэ ў маі ў сацыяльных сетках ляхавічане пачалі цікавіцца пуцёўкамі ў «Чайку» на трэцюю змену. 15 ліпеня больш за сотню хлопчыкаў і дзяўчынак адчынілі дзверы, а калі дакладней, вароты аздараўленчага лагера, які ўжо 37 гадоў гасцінна сустракае дзіцячы дэсант.

І гэта змена не выключэнне – рабят чакалі, рыхтаваліся да іх пры- езду. На ўра прайшлі і першыя дзве змены. І ўсё таму, што падрыхтоўка «Чайкі» да летняга сезона пачынаецца загадзя. Сёлета з раённага і рэспубліканскага бюджэтаў на гэтыя мэты выдаткавана больш за 15 тысяч рублёў. Важкі ўклад ва ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы таксама ўнеслі прадпрыемствы і арганізацыі раёна: кансервавы і льнозавод, лясгас, «Белпрампрыбор», гандлёвы дом «Уладзімір», «Трансэлектракамплект», «Металапластмас».
– У корпусе № 2 бягучы рамонт уключаў замену аконных блокаў, праводкі, сцены і столь абшыты гіпсакардонам. У праграме абнаўлення і шэсць новых шафаў для захоўвання асабістых рэчаў рабят. Ва ўсіх шасці жылых карпусах пафарбавана падлога, часткова заменены ложкі і тумбачкі, набыты сталовы посуд, стэнды па бяспецы жыццядзейнасці. У харчаблоку ўстаноўлена бульбачыстка, аўтаматызаваны і працэс нарэзкі і здрабнення прадуктаў. Адрамантаваны мосцік на пляжы і г. д. Усе пераўтварэнні зроблены дзеля бяспекі дзяцей, камфортнага і ўтульнага адпачынку, – адзначае галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Марына Глушко.


Не паспелі рабяты раскласці рэчы па паліцах, як важатыя івыхавальнікі запрасілі іх прыдумаць назву і дэвіз атрада, паўдзельнічаць у стартавых мерапрыемствах і г. д. Старшы выхавальнік Таццяна Абражэвіч у «Чайцы» працуе 20-ю змену: добра ведае рэцэпт вясёлага і змястоўнага адпачынку.
– Рабяты едуць у лагер з задавальненнем і з чаканнем чагосьці новага. Таму стараемся апраўдаць іх запыты. Змену вырашылі прысвяціць «Зорнаму гораду», дзе пражываюць атрады «Сузор’е», «НЛА», «Камета», «Зорны», «UNDERGROUD 2 0», «NON STOP». Кожны дзень не падобны на іншы. Прычым рабяты з самага пачатку ўцягнуты ў яркі калейдаскоп «чайкаўскіх» падзей. Праца выхавальнікаў кожнага атрада нацэлена на тое, каб дзеці аздаравіліся і зарадзіліся станоўчымі эмоцыямі, – дзеліцца Таццяна Абражэвіч.


У раскладзе 18-дзённага адпачынку мерапрыемствы на патрыятычную, экалагічную, творчую і спар-тыўную тэмы, усе ў цікавай і адметнай падачы.
Сярод агульналагерных акцый – «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся», «Мы гэта будзем памятаць!», «Мая цудоўная краіна», «Патрыёт.by», аперацыі «Салодкае дрэва», «Сам сабе не нашкодзь», гульні «Вясёлы экспрэс», «Моцны арэшак», «Сто да аднаго», «Пяць футаў пад кілем» і многія іншыя. Арганізатары ўпэўнены, што спадабаюцца дзяўчынкам і хлопчыкам конкурсы і разнастайныя фестывалі дзіцячай творчасці.
У спадарожжы з праграмай незабыўнага адпачын-
ку і здаровае харчаванне.
За яго ў «Зорным горадзе» адказвае каманда з повара і кухонных работнікаў з СШ № 1. Пяціразовае харчаванне збалансаванае і смачнае. У меню разам з мяснымі вырабамі і супамі
таксама кашы, свежыя садавіна і агародніна, сокі і г. д.
– Усё свежапрыгатаванае і, як кажуць, з полымя, з жару, – адзначае повар Людміла Абрамовіч.
Пад’ём у «Чайцы» аб’яўлены а паловы восьмай. Ранішнюю зарадку і іншыя моманты распарадку дня ў 9.00 падганяе сняданак. Амлет, каша, запяканка і іншыя стравы – так правільна выхаванцы пачынаюць кожны новы дзень.
Падмацаваліся і адправіліся наводзіць чысціню ў карпусах. У 11.00 наступае час для атрадных спраў, заняткаў па інтарэсах, спартыўна-гуртковай дзейнасці і г. д. Чаканы момант – абед.
Калі газетчыкі 17 ліпеня прыбылі ў летнік, абедзеннае меню складалася з салата з памідораў, баршчу з фасоляй і бульбай, каўбасак рыбных і пюрэ з бульбы. Плюс кісель з соку і абавязкова аскарбінавая кіслата (вітамінізацыя). На падвячорак – ватрушкі з творагам, малако і яблыкі. Вячэра ўключала адвараныя макароны, каўбаскі па-магілёўску, салат з капусты з агуркамі і морквай, чай з лімонам, хлеб. Другая вячэра складалася з кефіру і пячэння.
З 14.00 да 16.00 у «Чайцы» жыццё прыпыняецца на ціхі час.
Дзень завяршаюць агульналагернае мерапрыемства і дыскатэка.
У 23 гадзіны – адбой. На варце спакойнага сну выхаванцаў – міліцыянеры.
Традыцыйна з прафілактычнымі мерапрыемствамі ў «Чайцы» супрацоўнікі АДАІ, РАУС, РАНС, аддзялення па ахове аб’ектаў у горадзе Ляхавічы, іншыя.


17 ліпеня супрацоўнікі аховы гучна завіталі да выхаванцаў і, як і заўсёды, іх прыезд стаў яркім шоу. Нямецкія аўчаркі Лорд і Дэйзі, спецамуніцыя заўсёды цікавыя дзецям. А бездакорнае выкананне сабакамі каманд выклікаюць у іх феерверк эмоцый.
– У праграме «чайкаўскага» дня і водныя працэдуры, якія праходзяць
пад пільным наглядам выхавальнікаў. Дарослыя клапоцяцца пра тое, каб дзецям было ў летніку цікава і радасна, а кожны дзень, пражыты ў «Чайцы», застаўся ў памяці надоўга, – адзначае дырэктар аздараўленчага лагера «Чайка» Юрый Сельмановіч.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Рабяты падзяліліся сваімі ўражаннямі
з карэспандэнтам «ЛВ», як ім адпачываецца ў лагеры.

Павел СОКАЛ, трэці атрад:
– Прыехаў у лагер трэці раз. Тут мне ўжо ўсё знаёма і ўсё падабаецца. Але кожная змена заўсёды адрозніваецца ад мінулых. Тут столькі сяброў! Рэкамендую ўсім не сядзець летам дома, а ехаць у «Чайку».

Дзіяна КУДЗЯЛЕВІЧ, пяты атрад:
– У «Чайцы» пяты раз. Тут класна і мне вельмі падабаецца! Шмат разнастайных мерапрыемстваў. Праўда, рыхтавацца да іх не заўсёды лёгка. Але гэта станоўчы вопыт.

Каліна ЛОЙКА, Дар’я БАЎТРУКЕВІЧ, Анастасія КАВАЛЬЧУК, пяты атрад:
– Адпачываць суперскі. Больш за ўсё падабаецца дыскатэка, а яшчэ ціхі час. Усе рабяты крутыя і класныя, сябруем і цікава праводзім час.