Захаваць плацежаздольнасць і працоўныя месцы. 20 ліпеня старшыня Брэсцкага абласнога суда і старшыня эканамічнага суда Брэсцкай вобласці ў судзе Ляхавіцкага раёна правялі выязны прыём

20 ліпеня старшыня Брэсцкага абласнога суда Антон Гушчын і старшыня эканамічнага суда Брэсцкай вобласці Сяргей Кулак у судзе Ляхавіцкага раёна правялі выязны прыём грамадзян, індывідуальных прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў юрыдычных асоб.

Да ўступлення ў сілу новага закона, які рэгулюе пытанні неплацежаздольнасці суб’ектаў гаспадарання, засталося няшмат часу.

– Хацелася б адзначыць, што ў назве новага закона не змяшчаецца тэрмін «банкруцтва». На змену дзеючаму закону з 1 кастрычніка 2023 года ўступіць у сілу Закон Рэспублікі Беларусь «Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці». Галоўным пасылам заканадаўства з’яўляецца накіраванасць на захаванне прадпрыемстваў і, адпаведна, працоўных калектываў, працяг іх дзейнасці ва ўмовах складанай эканамічнай сітуацыі. Для гэтага прадугледжваецца шэраг новаўвядзенняў: павялічаны тэрмін санацыі (працэдуры аздараўлення даўжніка) з 18 да 36 месяцаў, пашыраны паўнамоцтвы і функцыі кіраўніка, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады ў вызначэнні лёсу дзяржаўных і прыватных арганізацый, якія знаходзяцца на адпаведных тэрыторыях. Варта адзначыць, што новы закон прадугледжвае больш магчымасцей для крэдытораў і ўласнікаў арганізацый (заснавальнікаў, удзельнікаў) у абароне сваіх правоў і эканамічных інтарэсаў, – адзначыў старшыня эканамічнага суда вобласці.
Наконт парадку разгляду адпаведных спраў эканамічнымі судамі Сяргей Кулак адзначыў, што кампетэнцыя эканамічных судоў крыху звужаецца, частка функцый пераходзіць да органаў выканаўчай улады. Аднак канфліктныя сітуацыі і спрэчныя моманты, якія ўзнікаюць паміж кіраўніком і крэдыторамі, па-ранейшаму будуць вырашацца ў судзе.
На прыём да старшыні суда запісалася і кіраўнік ТАА «ТМТ», якое зараз па судовай працэдуры аздараўліваецца. Гэта прадпрыемства вядзе дзейнасць на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна.
– У адпаведнасці з палажэннямі дзеючага закона будзе і далей працягвацца працэдура санацыі прадпрыемства. Адзначу, што ТАА «ТМТ» з’яўляецца паказальным прыкладам таго, калі дзяржава пай-
шла насустрач прыватнаму бізнесу, улічваючы, што для Ляхавіцкага раёна гэтая арганізацыя з’яўляецца значнай у сацыяльным і эканамічным планах. Калі ў 2021 годзе прадпрыемства па аб’ектыўных прычынах не здолела дасягнуць вынікаў, прадугледжаных планам санацыі, па хадайніцтве дзяржаўнага органа, узгодненым з Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, тэрмін санацыі быў прадоўжаны судом да канца 2025 года, – пракаменціраваў сітуцыю Сяргей Кулак.
Гэта дазволіла захаваць прадпрыемства, а самае галоўнае – працоўныя месцы, што, безумоўна, змякчае напружанасць на рынку працы ў рэгіёне. Сёння на «ТМТ» працуе каля 50 чалавек.
Аднак ёсць выпадкі, калі аднаўленне работы прадпрыемства немагчыма, прадпрыемства ліквідуецца. Як такую сітуацыю будзе рэгуляваць новы закон?
– Палажэннямі Закона прадугледжваецца магчымасць правядзення судом працэдуры ліквідацыі. Такая працэдура будзе прымяняцца судом толькі ў тых сітуацыях, калі камерцыйныя арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі не здольны працягваць весці эфектыўную прадпрымальніцкую дзейнасць, не спраўляюцца з пагашэннем сваіх даўгавых абавязацельстваў. Закон зыходзіць з таго, што працэдура ліквідацыйнага вядзення з’яўляецца выключнай, і хацелася б, каб на практыцы выкарыстоўвалася рэдка, – адзначыў Сяргей Кулак.
Санкцыйная палітыка суседніх краін, якія прадэманстравалі свае «сяброўскія» адносіны да Беларусі, паўплывала на планы многіх прадпрыемстваў. Ці змянілася колькасць зваротаў у суд аб банкруцтве прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб?
– Санкцыйны ціск – гэта не значыць, што нашы прадпрыемствы спынілі вытворчасць, а эканоміка выйшла ў мінус. Беларуская эканоміка паказала гібкасць і магчымасць працаваць у любых умовах. Як толькі пачалі ўводзіць пакеты санкцый, якія, відавочна, негатыўна адбіваюцца на нашай эканоміцы, кіраўніцтва Беларусі прыняло шэраг мер для падтрымкі як дзяржаўнага, так і прыватнага бізнесу. У перыяд санкцый наша эканоміка мабілізавалася, адрэагавала добрымі паказчыкамі. У эканамічным судзе Брэсцкай вобласці колькасць зваротаў не павялічылася, наадварот, зменшылася практычна
на 20 працэнтаў. Суды актыўна прымаюць механізмы для
зніжэння санкцый, якія прад’яўляюць замежныя контрагенты да нашых беларускіх прадпрыемстваў, – пракаменціраваў старшыня эканамічнага суда вобласці.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.