Мядовыя нюансы. Як на Ляхавіччыне нарыхтоўваюць мёд
Над пчальнікамі Востраўскага лясніцтва Ляхавіцкага лясгаса пануе мажорны «мікраклімат», галоўная нотка якога дымковы водар, узмоцнены гарачым летнім сонцам. У пчалінай гаспадарцы 140 вулляў. А кіруюць працэсам здабычы прыроднага эліксіру пчаляры Іван і Антон Навумчыкі.
– Пакуль ураджай саступае леташняму. Вельмі неспрыяльнай была сёлетняя вясна, якая не з лепшага боку паўплывала на меда-
збор. Усё, што залежыць ад пчаляроў, зрабілі: пчаласем’і своечасова пралячылі, крылатых працаўніц забяспечылі добрай зімоўкай, а вясной – падкормкай. Пчолы, як і людзі, маюць свой характар – бываюць добрыя ці злосныя, і з імі трэба навучыцца ладзіць. Самая галоўная пчала ў вуллі – матка, вакол яе і фарміруецца ўся сям’і, яна ж і доўгажыхарка – яе век доўжыцца іншы раз да трох гадоў, звычайная пчала-працаўніца жыве прыкладна 20 дзён, а вось трутні жывуць да паўгода, – дзеліцца сакрэтамі мядовай справы пчаляр з 34-гадовым стажам Іван Навумчык. У свой час на пчаляра вучыўся ў Смілавіцкім саўгасе-тэхнікуме, многаму навучыўся ў свайго бацькі, які таксама працаваў пчаляром у Востраўскім лясніцтве, гэтую ж прафесію мае і брат. Некалькі гадоў назад пасля службы ва Узброеных Сілах ў Востраўскае лясніцтва пчаляром прыйшоў Навумчык-малодшы – Антон. Цяпер сын разам з бацькам у адказе за салодкі лясгасаўскі ўраджай. Не толькі нарыхтоўваюць мёд, але і прадаюць яго на кірмашах ці выставах, раяць пакупнікам, які гатунак лепш выбраць.
– Люблю мёд розны, але найбольш падабаецца лугавы з разнатраўя. У яго адменны водар і смак. Пчалярства не толькі мая прафесія, але і справа па душы, таму і дома маю ўласны пчальнік. Многія пытаюць, ці кусаюць мяне пчолы. Кусаюць. Праўда, ужо даўно перастала балець месца ўкусу, відаць, выпрацаваўся імунітэт. Але меры перасцярогі ў любым выпадку трэба выконваць, –
расказвае Іван Навумчык.
Сёлета ў лясніцтве пачалі качаць мёд 19 чэрвеня. І з гэтай даты назапасілі ўжо 1300 кілаграмаў духмянага і карыснага прадукту.
– На спецыяльна прыстасаваным транспарце нашы вуллі калясяць па асноўных месцах медазбору. Цяпер у прыярытэце лясны мёд, таму нашы крылатыя працаўніцы ласуюцца малінай, чарніцамі, ажынай, крушынай. У жніўні ў пчаліным меню разнатраўе: асот ружовы, скрыпень, вербена. А вось у маі пчолы асабліва любяць садовыя культуры, – адзначае пчаляр.
Частка мёду фасуецца ў тару і прадаецца. Пакупнікоў шукаць не трэба, слава пра якасны лясгасаўскі мёд ідзе даўно. Акрамя таго, напэўна, будуць прадаваць такі запатрабаваны прадукт і на восеньскіх кірмашах.
Нарыхтоўкай мёду ў Ляхавіцкім раёне таксама займаюц-
ца аграрны каледж, СВК «Ляхавіцкі», пчаляры-аматары. Так што, напэўна, без мёду землякі не застануцца.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА