Вучні і настаўнікі. Дзень за днём жніво ў Ляхавіцкім раёне набывае ўсё больш актыўныя абароты
На жніве ў ААТ «Нача» працуе некалькі незвычайны экіпаж камбайна. За старшага ў ім вопытны механізатар гаспадаркі Эдуард Чалядка.
З роллю камбайнера паспяхова спраўляецца настаўнік мясцовай школы Алег Іваноўскі, сярод былых вучняў якога значыццца і яго сённяшні старшы камбайнер
Дзень за днём жніво ў раёне набывае ўсё больш актыўныя абароты. Паступова выходзіць на іншыя ўборачныя плошчы і сельскагаспадарчыя культуры.
Па стане на 25 ліпеня 1 520 ужо скамбайнаваных у раёне рапсавых гектараў з запланаваных 3 656 могуць павялічыцца да медыяннай лічбы. А ўборка азімага рапсу ўспрымаецца як жніво ў жніве, асобны від сельскагаспадарчых уборачных клопатаў. Тут можна адзначыць адрозненні ў абсталяванні і рэгуліроўцы камбайнаў, іншую, як правіла, хуткасць перамяшчэння апошніх па полі.
ААТ «Нача» паспела ўжо адзначыцца фактычна на ўсім: азімым і яравым ячмені, рапсе, трыцікале і рэдкай у гэтым сезоне для раёна культуры – жыце. Як расказаў галоўны аграном акцыянернага таварыства Леанід Ксёнжык, 23 ліпеня вывелі ўборачныя машыны на азімую пшаніцу.
І дэбютны пшанічны дзень, можна сказаць, атрымаўся. Два камбайны справіліся амаль з двума дзясяткамі гектараў поля. Агульны намалот склаў каля сотні тон збожжа, што сведчыць і аб нядрэнным паказчыку ўраджайнасці.
Экіпаж аднаго з працуючых на пшанічным полі камбайнаў складаюць
Эдуард Чалядка і Алег Іваноўскі. Старшы камбайнер і камбайнер, настаўнік і вучань. Ці наадварот?
Галоўны прафесійны занятак Алега Іваноўскага – настаўнік Начаўскай сярэдняй школы. У сваёй справе ведае і ўмее ўсё, рэалізаваўся ў вучнях, многага з імі дасягнуў. Няма сумнення, што педагагічную прафесію любіць, а да хлебаробскай адносіцца з павагай. У настаўніка Алега Іваноўскага ёсць даволі сур’ёзны вопыт удзелу ва ўборцы збожжавых і зернебабовых. Шэраг сезонаў працаваў на зернетаку
ААТ «Нача» ў якасці машыніста зернеачышчальна-сушыльнага комплексу.
У бягучым сезоне ўсё як раней – «Нача», дапамога гаспадарцы ў яе хлебных клопатах. Але і ўсё па-іншаму – у гэты сезон Алег Іваноўскі «заехаў» на мастку збожжаўборачнай машыны. Ён камбайнер.
А першым нумарам экіпажа з’яўляецца вопытнейшы начаўскі механізатар Эдуард Чалядка. Будучы школьнікам, адзін з прадметаў спасцігаў пад кіраўніцтвам настаўніка Іваноўскага. Прайшлі дзесяцігоддзі з таго школьнага часу, змянілася многае і кардынальна. Цяпер школьны настаўнік атрымлівае хлебаробскія ўрокі ад свайго ж былога вучня. Менавіта так, калі паглядзець на сітуацыю з пазіцыі «старшы камбайнер – камбайнер».
Па словах Леаніда Ксёнжыка, Эдуард Чалядка прайшоў усе ступені хлебаробска-механізатарскага майстэрства. Апошнімі часамі ў міжсезонне, калі няма ні корманарыхтоўкі, ні жніва, прадметам яго адказнасці з’яўляецца «Беларус-1221». Работа з арганікай, мінеральнымі ўдабрэннямі і іншыя транспартныя клопаты складаюць толькі невялікае кола абавязкаў механізатара. З адкрыццём корманарыхтоўчага сезона Эдуард «адкрывае» для сябе корманарыхтоўчы камбайн-комплекс. Свой корманарыхтоўшчык Эдуард Чалядка не пакідае нават на перыяд збожжаўборачнай кампаніі. Гэта ў прамым сэнсе: да таго, як выйсці на жніўнае поле – а гэта не самы ранні час – паспявае на сваім «КВК» назапасіць травяністыя аб’ёмы для падкормкі буйной рагатай жывёлы.
– Уборку збожжа завяршаем каля васьмі гадзін вечара.
Пакуль на мехдвор, глядзіш – ужо і дзесяць. А ў шэсць гадзін раніцы наступнага дня Эдуард ужо на працоўным месцы за рулём корманарыхтоўчага комплексу. І пасля пачынаецца новы хлебаўборачны дзень. Эдуарда Чалядку адрозніваюць беражлівыя адносіны да тэхнікі і даручанай справы. Не памятаю выпадкаў, каб былі заўвагі ў яго адрас. Заўсёды акуратны і адказны ў рабоце, – характарызуе Эдуарда Чалядку галоўны аграном.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.