Размова, што закранае галоўнае. Дэбютнай пляцоўкай рэспубліканскага грамадска-палітычнага праекта на Ляхавіччыне стаў ільнозавод
У Беларусі стартаваў рэспубліканскі грамадска-палітычны праект «Размова пра галоўнае». Дэбютнай пляцоўкай праекта на Ляхавіччыне стаў ільнозавод.
У ролі спікераў – начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак і галоўны рэдактар «Ляхавіцкага весніка» Маргарыта Кухта-Маслоўская.
Сярод галоўных пытанняў – вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за першае паўгоддзе 2023-га. Падчас сустрэчы абмеркавалі пытанні, якія хвалююць землякоў, у тым ліку ўзялі на аловак і праблемныя. Сярод агучаных – вядомае пытанне наконт будаўніцтва ў райцэнтры басейна. Цікавяць ляхавічан і тэрміны будаўніцтва ачышчальных збудаванняў. Жыхары Задвор’я ўзнялі пытанне напору і якасці водаправоднай вады…
Дыялогавыя пляцоўкі ў рамках праекта «Размова пра галоўнае» будуць і далей ладзіцца ў арганізацыях і прадпрыемствах раёна.
Якія пытанні гучалі падчас работы дыялогавай пляцоўкі «Размова пра галоўнае» з калектывам ільнозавода?
Завадчане звярнулі ўвагу на зарослае рэчышча ракі Ведзьмы на зоне адпачынку ў Ляхавічах і пацікавіліся, калі яго ачысцяць.
– Парадак на зоне адпачынку – зона адказнасці КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». На зоне адпачынку на пастаяннай аснове падкошваецца трава, вядзецца ўборка, вывозіцца смецце. Пра добраўпарадкаванне лепш за любыя словы гавораць справы. Варта проста паглядзець, колькі зроблена за апошні час: ад шэзлонгаў да арэляў.
Супрацоўнікі санітарнай службы рэгулярна праводзяць маніторынг санітарнага стану афіцыйных зон адпачынку, пробы вады па мікрабіялагічным паказчыку бяруцца кожны тыдзень. Сёлета, па даных райЦГіЭ, усе пробы адпавядаюць патрабаванням санітарных нормаў. Так што можна купацца без шкоды для здароўя.
Што датычыць ачысткі ад водарасцяў, камунгас перыядычна праводзіць такога кшталту работы. Разам з тым, праблему ведаем, і ў асенне-зімовы перыяд будзе падрыхтавана дакументацыя ў Брэсцкі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя для прыняцця комплексу мерапрыемстваў па вырашэнні гэтай экалагічнай праблемы. Калі ўсё пойдзе па плане, то, магчыма, у наступным годзе пытанне пачне вырашацца, – пракаменціравала загадчык сектара архітэктуры і будаўніцтва аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Алена Князева.
Прагучала і просьба звярнуць увагу на тое, што ў аздараўленчым лагеры «Чайка» дзеці не абаронены ад укусаў джаланосных насякомых.
– Перад кожнай зменай супрацоўнікі райЦГіЭ праводзяць апрацоўку тэрыторыі лагера ад кляшчоў і камароў. Супрацоўнікі РАНС неаднаразова выязджалі на дэзынсекцыю і ўборку механічным спосабам джаланосных насякомых –
вос. З пачатку летняга сезона выратавальнікі-пажарныя Шчэрбаўскага ПАВП № 14 чатыры разы прыцягваліся да вырашэння праблемы. Апошні выезд быў літаральна на днях. Сітуацыя аператыўна вырашаецца, як толькі выяўляецца небяспека, – гаворыць дырэктар аздараўленчага лагера «Чайка» Юрый Сельмановіч.
Яшчэ адну набалелую тэму ўзнялі жыхары Задвор’я. Амаль штодня з 20 да 21 гадзіны ў шматкватэрніках у Задвор’і назіраецца слабы напор вады. «Прыходзіш пасля работы, ні рэчы памыць, ні самому прыняць душ», – гавораць завадчане.
– Праблему ведаем і прымаем меры па яе вырашэнні. Пачынаючы з канца мінулага тыдня, маніторым падачу вады ў кватэры жыхароў Задвор’я менавіта ў вячэрні час. Для таго, каб напор вады быў добрым, запусцілі ў дзеянне помпавую вежу ў Задвор’і. Па выніках маніторынгу будзем прымаць адпаведныя меры, каб у жыльцоў шматкватэрнікаў не было перабояў з падачай вады, – адзначае першы намеснік дырэктара, галоўны інжынер КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Ігар Шырэй.
Што чуваць у Ляхавічах па ачысных збудаваннях?
– Пачнём з фінансавання. Выдаткаваны сродкі з абласнога бюджэту на рэканструкцыю аб’екта «Ачысныя збудаванні горада Ляхавічы». Пад-
радчыкам рамонтна-рэканструкцыйных работ з’яўляецца
ААТ «Пінсксаўгасбуд». Зараз вырашаецца, хто будзе пастаўшчыком абсталявання. Калі ўсё пойдзе па плане, то сёлета прыступім да работ, – расказвае першы намеснік дырэктара, галоўны інжынер КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Ігар Шырэй.
Па вуліцы Будаўнікоў у райцэнтры нядаўна праводзіўся рамонт цеплатрасы, аднак пасля яго тэрыторыя не добраўпаракавана.
У райцэнтры па вызначаных адрасах камунгас вядзе работы па падрыхтоўцы цеплатрасы да асенне-зімовага перыяду, пракладвае новую і г. д. Зямельныя работы, як правіла, выклікаюць у насельніцтва хваляванні наконт тэрмінаў аднаўлення «знешняга выгляду» вуліц. У камунгасе патлумачылі, што па вуліцы Будаўнікоў, 8 ухіляюцца наступствы аварыйнай сітуацыі па парыве водаправода, і да канца жніўня завяршыцца добраўпарадкаванне тэрыторыі. А каля дзіцячага сада № 3 пракладваюць сеткі цеплазабеспячэння да новага 60-кватэрнага дома. Субпадрадчык па пракладцы сетак – КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», а аднаўленнем дарожнага пакрыцця і добраўпарадкаваннем участка будзе займацца генеральная падрадная арганізацыя – ПМК-13.
Начальнік ПМК-13 Ігар Пастарнакевіч расказаў «ЛВ», што цеплатраса пракладзена і на пачатку жніўня на пашкоджаным участку будзе ўкладзены асфальт і тратуарная плітка, а таксама высаджаны зялёныя насаджэнні.
Галіна КАНЬКО, Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ,
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.