Тысяча, тысяча, тысяча тон хлеба. У Ляхавіцкім раёне ўшаноўвалі экіпаж-тысячнік з ААТ «Жарабковічы»
«Веснікаўцы» сталі сведкамі таго, як апошнія зярняты азімай пшаніцы далі права экіпажу камбайнераў у складзе Віктара Клемяні і Сяргея Зянько (на здымку) звацца першымі тысячнікамі сёлетняга жніва на Ляхавіччыне. У трэці дзень жніўня «жарабковіцкія» хлебаробы прымалі віншаванні прама ў полі.
Віншавальную дэлегацыю ўзначальваў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык.
– Дзякуй за працу! Сёлета ваш экіпаж паспеў унесці свае імёны ў спіс пераможцаў. Няхай і далей будзе так – пераможна, ашчадна і з павагай да хлебаробскай справы, – адзначыў Васілій Пыжык.
Віншавальны блок працягваўся шчырымі словамі і падарункамі ад галіновага прафсаюза, ад кіраўніцтва гаспадаркі.
І хоць дэлегацыя прыехала ў поле літаральна ў час тысячнай падзеі, першыя віншаванні Віктару і Сяргею паступілі ад самых родных – па тэлефоне. Прыемна, што дома ганарацца і заўсёды чакаюць.
Для землякоў іх імёны вядомыя, пра гэтых людзей раёнка пісала не- аднойчы. А вось як пра пераможцаў-тысячнікаў – упершыню. Такім складам у поле выходзяць чацвёрты сезон запар. Раней да запаветнай мары крыху не хапала. А сёлета адбылося ўсё, пра што загадвалі.
У ролі камбайнера Віктар выходзіць у поле сёмы сезон. А што датычыць сельскай гаспадаркі, то пра такіх, як ён, гавораць – свой чалавек, тут працоўны стаж набліжаецца да 15 гадоў.
Сёлетняя перамога пацвярджае, што тэхніка ў клапатлівых руках здольна на многае. У ААТ «Жарабковічы» іх CASE CF-80 самы «вопытны» – у страі ўжо 22 гады.
– Як тэхніку падрыхтуеш, так яна і паедзе. Заўжды ў поле свой камбайн рыхтуем з асаблівай адказнасцю. Адна тэхнічная замінка можа істотна збавіць тэмпы. А гэтага дапускаць нельга, тым больш надвор’е
не дае разагнацца. Каб не яно, даўно б парадавалі землякоў тысячай, –
гаворыць Віктар Клемяня.
Яго напарнік, з якім чатыры сезоны паспяхова працуюць на жніўнай ніве, «жарабковіцкі» толькі на час уборачнай. Працуе старшым інструктарам-выратавальнікам на Ліпскім ПАВП № 11.
– Момант спаборніцтва заўжды прысутнічае. І гэта класна. І хоць робім агульную справу, але ж прыемна, тым больш упершыню, стаць першымі, – адзначае Сяргей Зянько.
Няхай першая тысяча стане добрым задзелам на жніве і для экіпажа, і для гаспадаркі, і для Ляхавіччыны. На падыходзе і маладзёжная тысяча, і сямейная. Многа нагод ганарыцца працавітымі землякамі!
Маргарыта
КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.