Зборны «Ляхавічок». Як ляхавічане выступілі на абласным маладзёжным лагеры-форуме «Прыбужжа-2023»

Суседні Баранавіцкі раён з лакацыяй возера Гаць на мінулых выхадных стаў кропкай, дзе размясціўся турыстычна-палатачны гарадок. Дзявяты раз на Брэстчыне прайшоў абласны маладзёжны лагер-форум «Прыбужжа-2023». Па традыцыі месца яго правядзення заваявала каманда-пераможца мінулагодніх стартаў.

Пятніца была насычана гаспадарчымі клопатамі. Кожная з каманд імкнулася зрабіць свой лагер самым-самым: і ўтульным, і гасцінным, а, самае галоўнае, забяспечыць на сваіх квадратных метрах поўную бяспеку і ўсё дзеля яе падтрымання. Усё гэта ўлічвалася ў конкурсе бівуакаў. А пасля ў бесперапынным рытме пачаліся спаборніцтвы.
Сямнаццаць каманд-удзельніц заявіліся для ўдзелу ў «Прыбужжы-2023». Лепшых выбіралі ў тэхніцы веласіпеднага турызму, у дартсе, на спартыўна-турыстычнай паласе, у спаборніцтвах па валейболе і падняцці гіры, перацягванні каната, водным турызме. Адукацыйны блок прапанаваў камандам удзел у квізе і бліц-турніры. Давялося выкласціся па максімуме, каб пакарыць журы ў культурным блоку: конкурсе візітак «Камсамолу – 105!» і творчым нумары «2023 год – Год міру і стварэння».
Ляхавіцкі раён прадставіла зборная каманда «Ляхавічок». У складзе турыстычнай зборнай – работнікі малочнага завода, РАНС, райбальніцы, раёнкі, райвыканкама, актывісты БРСМ.
Адкрыццё «Прыбужжа» ўпрыгожыў сваім яркім выступленнем Аляксандр Саладуха. А музычнае завяршэнне вечара падарыў турыстам кавер-бэнд «PRIDE».
Галоўнае і надзённае абмеркавалі падчас адкрытага дыялогу.
На ўрачыстым закрыцці каманды сустрэліся як даўнія сябры. Тры турыстычныя дні напоўніліся, канешне, знаёмствамі. Шмат цёплых слоў адрасавалі ўдзельнікам першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі абл-выканкама Дзяніс Сілівонік і першы сакратар абкама БРСМ Юрый Сегянюк.
І, канешне, чаканыя ўзнагароды. «Ляхавічок» у камандным заліку стаў дзявятым. А вось творчы нумар, прысвечаны Году міру і стварэння, заняў другое месца.
З перамогай віншавалі каманду моладзі з Баранавічаў.
У турзлёце галоўнае – атрымаць станоўчыя эмоцыі і зарад бадзёрасці. А гэта залежыць ад кожнага з удзельнікаў каманды. Калі была б намінацыя «самая гасцінная каманда», гучаў бы і наш «Ляхавічок».
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.

Уладзімір ЦВЯТОЦКІ, менеджар па аптымізацыі выкарыстання рэсурсаў і сыравіны Ляхавіцкага малочнага завода:

– Колькі спартыўнай, таленавітай, класнай моладзі на Брэстчыне. Дзякуючы такім маладзёжным форумам, мы можам пазнаёміцца з такімі ж актывістамі, з многімі, упэўнены, сустрэнемся яшчэ не раз. Больш таго, нават у нашай зборнай камандзе былі тыя, з кім сустрэліся ўпершыню. Гэта збліжае і аб’ядноўвае. Тры дні праляцелі імгненна. Стараліся выступіць годна.
Добра выступілі на візітцы, а вось у творчым атрымалі «сярэбраную» перамогу.