Тысячы «Шляху новага». І зноў у цэнтры жніўнай увагі – ААТ «Шлях новы» Ляхавіцкага раёна
І зноў у цэнтры жніўнай увагі – ААТ «Шлях новы». Працаўнік гэтай гаспадаркі Уладзімір Пабягайла падчас сёлетняй уборачнай кампаніі стаў першым на Ляхавіччыне, хто перавёз з поля дзве тысячы тон збожжа.
Павіншаваць вадзіцеля з працоўнай перамогай прыехала прад-
стаўнічая дэлегацыя: першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак, старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк і раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Ірына Чура, дырэктар ААТ «Шлях новы» Андрэй Коктыш. Віншаванні, пажаданні, уручэнні, граматы вымпела перадавіка – некалькі прыемных хвілін, і Уладзімір Пабягайла адпраўляецца ў чарговы жніўны рэйс.
– Свой шлях на ўборцы збожжа пачаў яшчэ са школы, калі быў памочнікам камбайнера ў бацькі, які тады працаваў у калгасе імя Ламаносава. Ганаруся, што бацька з года ў год быў сярод лепшых камбайнераў у раёне.
Мой вадзіцельскі стаж – 30 гадоў, усе яны звязаны са «Шляхам новым». Стараемся працаваць яшчэ больш вынікова. Разумеем, што ад якасці і колькасці зробленага залежыць эканоміка сельгаспрадпрыемства і дабрабыт кожнага з нас, – гаворыць Уладзімір
Пабягайла. Дарэчы, імя двухтысячніка сёлета занесена на Галерэю Славы Ляхавіцкага раёна.
Першае жніво ў якасці вадзіцеля на адвозцы ўраджаю – і адразу ў лідарах. Гэта пра яшчэ аднаго лепшага з лепшых, чыё прозвішча ўпрыгожвае жніўную дошку гонару – Анатолія Пажогу, таксама са «Шляху новага».
– У гаспадарцы працую вадзіцелем з 1987 года. На жніве звычайна быў аператарам зернесушыльнага комплексу. Сёлета вырашыў паспрабаваць сябе на адвозцы збожжа. Пашанцавала, што даверылі новенькі аўтамабіль. Стараюся давер апраўдаць, да свайго «МАЗа» стаўлюся з павагай і клопатам, каб не падводзіў у дарозе. Каштоўны груз перавозім – збожжа, – расказвае Анатолій Пажога.
Па загарэлым твары вадзіцеля нават не відаць, што адпрацаваў ён амаль суткі – нічога не зробіш, на вагу золата кожная пагодлівая хвіліна. За змену Анатолій Пажога выконвае каля 15 рэйсаў з поля да ЗСК. У самыя ўраджайныя суткі перавёз 228 тон збожжа. Пажога – прозвішча вядомае і паважанае ў «Шляху новым», тут брыгадзірам участка працуе брат Сяргей, а сястра – дыспетчарам.
Нягледзячы на супярэчлівае надвор’е, палеткі «Шляху новага» шчодра аддзячваюць тутэйшым аграрыям за нястомную працу.Ураджайнасць збожжа – больш за 60 цэнтнераў з гектара – пацвярджэнне сказанага.
– Толькі дасягнулі экватара на жніве-2023, таму рана гаварыць пра перамогі і дасягненні. Вынікі для гэтага года нядрэнныя, але далёка не аптымальныя. Зробім, канешне, работу над памылкамі, каб у наступным сезоне спрацаваць яшчэ лепш. Ураджай, які атрымліваем, – заслуга кожнага, хто тым ці іншым чынам задзейнічаны ва ўборачнай кампаніі. Людзі поўнасцю падпарадкаваны жніву. Задача кіраўніцтва гаспадаркі – стварыць належныя ўмовы, каб ніякія бытавыя праблемы не заміналі ў барацьбе за хлеб. Новая тэхніка, адкрытая пасля рамонту сталоўка, дастойная заработная плата, належныя бытавыя ўмовы – толькі частка зробленага, – расказвае
дырэктар «Шляху новага» Андрэй Коктыш.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА