Поплеч бацька і сын. На жніўнай дошцы гонару «ЛВ» выдзяляецца сямейны экіпаж камбайна з СВК «Ляхавіцкі»

На жніўнай дошцы гонару «ЛВ» сямейны экіпаж камбайна з СВК «Ляхавіцкі» выдзяляецца аднолькавымі імёнамі і прозвішчамі. Бацька і сын Сяргеі Асланяны працуюць зладжана і вынікова.

Асланян-старэйшы ў сельскай гаспадарцы больш як чатыры дзесяцігоддзі. На жніве – 36-ы сезон. Прыгадвае, як некалі сеў першы раз за руль збожжаўборачнага камбайна «Ніва», пасля быў «Дон», зараз шчыруе на «КЗС-1218». У кабіне камбайна Сяргей Асланян адчувае сябе ўпэўнена і свабодна. Жаданы і любімы момант, які не страчвае прыцягальнасці, – калі збожжа ракой сыплецца ў бункер. Ёсць ураджай!
Узгадвае, як у 1997 годзе з памочнікам камбайнера Пятром Чудаковым былі сярод перадавікоў на абласных «Дажынках» у Століне.
– Каб камбайн ляцеў ластаўкай, – падкрэслівае вопытны механізатар, –трэба перад выхадам у поле паклапаціцца пра яго, як належыць падрыхтаваць. Да тэхнікі Асланян-старэйшы адносіцца як да жывой істоты.
– А як жа! Гэта маё працоўнае месца і сродак заробку, – усміхаецца Сяргей Сяргеевіч. Армянін па нацыянальнасці, а па духу – беларус,
які нарадзіўся ў Тухавічах, ён любіць сваю работу, паважае працавітых землякоў і шануе зямлю-карміцельку. Калі вясна адчыняе вароты, садзіцца ў трактар МТЗ-82, надыходзіць лета – перасаджваецца на збожжаўборачны камбайн, а восенню шчыруе на бульбаўборачным агрэгаце.
Раней у памочніках бацькі на камбайне і дачка працавала, і нявестка. Сямейнасць у рабоце – важкі плюс, – перакананы Асланян. У экіпажы з сынам трэці сезон. Сын вучыцца ў бацькі, а бацька вучыцца ў сына – падказваюць адзін аднаму. Сёлетнюю ўборку экіпаж пачынаў з трыцікале, зараз малоцяць ячмень. Іх праца – не канкурэнцыя, а агульны сямейны залік. Па-за полем Асланян-малодшы шчыруе слесарам на ферме «Русінавічы». Жніво для яго, як і для бацькі, – час адказны. Асланяны падкрэсліваюць, што праца ў сельскай гаспадарцы – удзячная, бо бачаць яе вынікі, ды і заробак задавальняе.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.