Стаўка не на фартуну. Фермерская гаспадарка «Фораланд» шчыруе на жніве

Уладзімір Валчэцкі, Віктар Касцюкевіч і Дзмітрый Пятруцый.

Ашчаднасць агратэхналогій, надзейнасць тэхнікі і прафесійнае стаўленне да абавязкаў кожнага з работнікаў – на гэта разлічваюць у фермерскай гаспадарцы «Фораланд».

Жнівень – іменна той месяц, калі ў жніва ёсць верагоднасць сустрэчы з сяўбой. Што зараз і адбываецца на сельскагаспадарчых палетках Ляхавіччыны. Першым трапляе ў азімую баразну рапс.
Сёлета пад гэту культуру ў раёне запланавана 3 200 пасяўных гектараў. Да работ прыступіла пераважная большасць гаспадарак Ляхавіччыны.
На рахунку фермерскай гаспадаркі «Фораланд» па стане на 15 жніўня
330 засеяных азімым рапсам гектараў.
– У сезонныя планы гаспадаркі закладзена  780 пасяўных гектараў азімага рапсу. Думаю, на гэтым не спынімся, папярэдне нацэлены на лічбу 900. Але крытычна важным момантам з’яўляецца трапіць у аптымальна вызначаныя тэрміны сяўбы. Для нашага рэгіёна – з 10 па
25 жніўня. Усё, што далей, адлюструецца недаборам будучага ўраджаю. Лічу, што пасля гэтай даты ні аднаго агрэгата на пасяўным рапсавым полі заставацца не павінна, – упэўнены ўпраўляючы фермерскай гаспадаркай «Фораланд» Андрэй Панчкоўскі.
А тым часам на ўскрайку будучага рапсавага поля, размешчанага каля аграгарадка Малое Гарадзішча, фарміруецца адмысловы пасяўны
«кулак». Сельскагаспадарчая тэхніка – з ліку самых сучасных узораў і дасягненняў машынабудавання. Высокапрадукцыйная і «разумная», у якой некаторыя вытворчыя і тэхніка-тэхналагічныя маніпуляцыі за машыніста выконвае электроніка. Многае з таго, што адбываецца на полі, яна літаральна бачыць, чытае і дзейнічае ў максімальнай адпаведнасці з бягучай сітуацыяй. І, у адрозненне ад самага ўважлівага, максімальна дакладнага і прафесійна падрыхтаванага чалавека, не памыляецца, не дапускае хібаў у працэсе.
Але ж адна справа працэс, і зусім іншая – рэальная работа на пасяўным полі, дзе нярэдка і каменне, і слупы ліній электраперадачы, і іншыя «няўдобіцы». Справіцца з імі, максімальна ашчадна абысці-аб’ехаць інтэлектуальнаму розуму не па сілах, і галоўным на арэне сяўбы па-ранейшаму застаецца спецыяліст.
Сваю працоўную раніцу Дзмітрый Пятруцый пачынае за баранкай аўтамабіля. Пасля таго, як велізарныя баулы насення рапсу будуць дастаўлены на поле, – адбываецца змена ролі і вытворчых дэкарацый. Біг-бэгі з фосфарнымі ўдабрэннямі разгружаюцца з прычэпа аўто, насенне загружаюць у бункер пасяўнога агрэгата, які пад упраўленнем усё таго ж майстра шырокага профілю становіцца ў пасяўную баразну.
– Выходзім рана, часам няма яшчэ і сямі гадзін. Завяршаем у прыцемках. Іншы раз можам і затрымацца. Плацяць за зробленае, за гектары, –
гаворыць вадзіцель, аператар пагрузчыка і механізатар-сейбіт у адной асобе.
Віталій Касцюкевіч – яшчэ адзін прадстаўнік пасяўнога «кулака» фермерскай гаспадаркі «Фораланд». У штатным раскладзе ён значыцца кіраўніком трактарнай брыгады. Але ў той дзень захварэў механізатар, заняты на работах па перадпасяўной падрыхтоўцы глебы.
І Віталій без лішніх пытанняў сеў за руль трактара з дыскатарам.
– Пасяўная – час вельмі хуткаплынны. І нічога незвычайнага ў тым, што сёння я механізатар. Усе дакументы, кваліфікацыйныя катэгорыі і допускі да работы ў мяне ёсць. Ёсць і жаданне працаваць у полі: чым хутчэй завершым сяўбу, тым больш атрымаем – і ў плане ўраджаю, і ў плане «асабістай» эканомікі, – патлумачыў Віталій.
На палетку фермерскай гаспадаркі ішла размова і пра тое, што рапс вельмі патрабавальны ў плане захавання пасяўных тэхналогій. А калі яшчэ з такой жа ашчаднасцю будуць выкананы доглядныя работы і пашчасціць з надвор’ем, можна гарантавана разлічваць на ўраджайны вынік.
– Мы ганарымся сваімі хлопцамі, іх прафесіяналізмам, неабыякавымі адносінамі да нялёгкай сялянскай працы, – гаворыць Андрэй Панчкоўскі.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.