Калі дрэвы высякаюць, каму гэта патрэбна? На Кургане Славы спілавалі елкі і сосны

Апошнія некалькі гадоў Курган Вечнай Славы ў Ляхавіцкім раёне абнаўляецца, дапаўняецца новымі элементамі, гэта адбываецца ў тым ліку і за сродкі жыхароў раёна, заробленыя падчас суботнікаў. Шчыруюць на добраўпарадкаванні навакольнай тэрыторыі і землякі. Зроблена шмат, нямала работы яшчэ наперадзе. Таму, канешне, узніклі пытанні, калі днямі каля помніка, адразу за сцэнай, спілавалі елкі і сосны, высеклі арэшнік. З чым гэта звязана, і наколькі ўсё адпавядае прыродаахоўным канонам? Прадстаўнікі райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з “ЛВ” выехалі на месца, каб разабрацца ў сітуацыі.
Першы каментарый ад кіраўніцтва Ляхавіцкага лясгаса, у чыёй зоне адказнасці знаходзяцца лесаўгоддзі на азначанай тэрыторыі, і хто праводзіць тут высечку.
– Суцэльная санітарная высечка праводзіцца па ўсёй Беларусі, лясніцтвы Ляхавіцкага раёна не выключэнне. Камісійна вызначаюцца ўчасткі, дзе неабходна правесці такога кшталту высечкі – гэта своеасаблівае аздараўленне для лясных масіваў. Менавіта тут спілаваны ў асноўным усохлыя дрэвы на плошчы 0,6 гектара. Паралельна ідзе вываз лесапрадукцыі (частка пойдзе на паліўны матэрыял у якасці дроў, астатняе – на продаж). Наступны этап – ачыстка лесасекі і падрыхтоўка для далейшай пасадкі саджанцаў. Восенню плануем закласці на гэтым месцы малады лес, прыкладна тры тысячы елак і дубкоў, вырашчаных у цяпліцах нашага прадпрыемства, паселяцца на тутэйшай тэрыторыі, – расказаў галоўны ляснічы Ляхавіцкага лясгаса Сяргей Дыдышка.
За каментарыямі “ЛВ” звярнуўся і да начальніка райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іны Траяноўскай, якая адзначыла:
–На месцы азнаёміліся з сітуацыяй, праверылі ўсю неабходную дакументацыю, прыйшлі да высновы, што работы праводзяцца без парушэнняў артыкулаў Ляснога кодэксу.
Галіна КАНЬКО.





