Як гартавалася «бронза». Эксклюзіўнае інтэрв’ю двухразовага бронзавага прызёра Гульняў краін СНД

Яркія, з моцным характарам II Гульні краін СНД, якія фінішавалі каля тыдня назад, пакінулі не менш яскравы і такі ж моцны след у сэрцах мільёнаў людзей. Асабліва жыхароў краіны-арганізатара, для якіх міжнародны мультыспартыўны форум стаў сапраўдным дзесяцідзённым святам. Ганарова, што сярод «адзначаных» п’едэсталам Гульняў была і прадстаўніца Ляхавіцкага раёна. Малая радзіма Эміліі Ксёнжык – вёска Гаслаўшчына, а свае першыя ўрокі спартыўнага майстэрства яна атрымала ў трэнера-выкладчыка Віктара Богуша ў сценах тады яшчэ ДЮСШ раёна.
І ці не першае, што зрабіла Эмілія пасля вяртання з Гульняў, – наведала родную СДЮШАР. Падзякавала свайму першаму настаўніку і кіраўніцтву школы, сустрэлася з юнымі спартсменамі, для якіх на базе ўстановы зараз арганізаваны аздараўленчы адпачынак. І, за што наша вялікае шчырае дзякуй, не адмовіла ў гутарцы «Ляхавіцкаму весніку».

– Пакуль ішоў на сустрэчу, у галаве ўзнік вобраз спартыўнай калыскі. У гэтых сценах зусім юная Эмілія праводзіла доўгі час. Асвойвалася, пад не заўсёды ласкавыя «калыханкі» трэнера пашырала свой спартыўны і не толькі досвед, сталела як асоба. Наколькі ўдалым лічыш такое параўнанне?

– Лічу яго спрэчным. У маім уяўленні калыска – гэта месца для сну. Я ж сюды прыходзіла працаваць, нават калі вельмі хацелася спаць. Трэніроўкі ў дзяцей часта праводзяцца ў гульнявой форме, на эмоцыях. Ад чаго выклікаюць дадатковую цікавасць, праходзяць незаўважна хутка, а пасля завяршэння ўзнікае жаданне
вярнуцца і прадоўжыць «гульню». На гэтым у асноўным і трымаецца дзіцячы спорт увогуле і наш від у тым ліку.
Але ў маім выпадку элемент гульні з’яўляўся хіба толькі
дадатковым матыватарам. Аснову ўяўляла шчырая цікавасць да дзюдо: сама даведалася, прыйшла, запісалася і хадзіла.

– Улічваючы, што ты з Гаслаўшчыны, слова «хадзіла» трэба разумець у тым ліку і літаральна?

– Насамрэч ні аднаго пешага паходу ў спартшколу ці з яе дадому за ўсе гады трэніровак не здаралася. Ды і патрэбы ў тым не было. Нядрэнна, лічу, наладжаны ў тым накірунку рух грамадскага транспарту, быў і ёсць школьны аўтобус. Ды і ў любы час магла звярнуцца па дапамогу да бацькоў, у якіх свой аўтамабіль. Яны заўсёды падтрымлівалі і заахвочвалі мае заняткі дзюдо.

– Спаборніцтвы па дзюдо ў рамках II Гульняў краін СНД праходзілі ў Гомелі. Якой была атмасфера горада?

– Меркаваць пра горад магу толькі прыблізна, абапіраючыся на віды і ўражанні з акна аўтобуса, на якім перамяшчаліся, інтэр-
ната, у якім пражывалі гэтыя некалькі дзён. Сімволіка Гульняў прысутнічала літаральна паўсюдна.
Татамі Гульняў знаходзіліся ў Гомельскім лядовым палацы, які ў гэтыя дні нагадваў палац дзюдо. Вось тут было сапраўднае свята: атмасфера, фарбы, эмоцыі і апладысменты запоўненых гледачамі трыбун. Было ўражанне, што большасць гледачоў з’яўлялася сапраўднымі знаўцамі нашага віду адзінаборства. Гучна рэагавалі ці не на кожнае ўдалае тэхнічнае дзеянне дзюдаістаў на татамі. Канешне, найбольш гарачую падтрымку трыбуны выказвалі сваім – беларусам. Аднак, і расіяне, і спартсмены з Узбекістана і іншых краін-удзельніц адчувалі шчырую падтрымку і добразычлівасць публікі.

– Мяркую, пры шумных трыбунах і выступаць прыемна, лягчэй, з’яўляюцца дадатковыя сілы?

– Для многіх сапраўды так. Трыбуны матывуюць жаданне, прымушаюць яшчэ больш выкладвацца. Але асабіста мяне шумныя трыбуны не заводзяць на барацьбу, а прымушаюць яшчэ больш хвалявацца, перажываць. Разумею, што гэта недахоп, і над яго пераадоленнем неабходна працаваць.

– Эмілія, ты ўзгадала спартсменаў з Узбекістана. Дзюдаістка іменна з гэтай краіны не прапусціла цябе ў фінал схваткі за тытул Гульняў у вагавай катэгорыі 63 кілаграмы. Калі абапірацца на тэлевізійную «карцінку», да пэўнай хвіліны на татамі вялася вязкая і прыблізна роўная барацьба…

– Ой, хочацца па-іншаму, але скажу так: на імгненне страціла канцэнтрацыю, дазволіла сабе недакантроль. Гэтага хапіла, каб трапіць на «іпон». А так нічога асаблівага, тым больш новага ў дзеяннях саперніцы я не заўважыла. Акрамя, бадай, сілы духу, моцных валявых якасцяў. Можа гэта ў азіяцкіх спартсменаў у крыві?

– Але ж і ў наступным спарынгу, ужо за «бронзу» Гульняў, ты трапіла на яшчэ адну прадстаўніцу Узбекістана. «Комплекс»
не прысутнічаў?

– Паміж папярэднім этапам турніру і схваткамі за медалі было дзве гадзіны перапынку. За гэта час атрымалася нават паспаць. Некалькі начэй перад гэтым толкам і не адпачывала –
хвалявалася. Сон пайшоў на карысць: аднавіў сілы, дапамог утаймаваць эмоцыі. І перад выхадам на татамі ні аб чым,
акрамя перамогі, не думала. Была ўпэўнена і ў сабе, і ў перамозе.
У выніку выйграла ў саперніцы з ацэнкай «іпон», што азначае чыстую перамогу. Атрымалася прыгожа і атмасферна. Гэты мой бронзавы «падхват пад адну нагу» ўзгадаў і пахваліў выкананне галоўны трэнер Нацыянальнай каманды Беларусі па дзюдо Андрэй Казусёнак. Андрэй Фёдаравіч праводзіў цырымонію ўзнагароджвання. Павіншаваў з «бронзай», з намёкам прадэманстраваў залаты медаль пераможцы і добрым словам адзначыў мой кідок-падхват. Маўляў, выдатнае выкананне.

– А ўжо на наступны дзень у дзюдаістаў распачынаўся камандны турнір…

– У спаборніцтве каманд зборная Беларусі таксама паднялася на трэцюю прыступку п’едэстала II Гульняў краін СНД. Але пра нейкія асаблівыя свае заслугі ў гэтай каманднай бронзе не скажу. Увесь пераможны настрой, запал на барацьбу, сілы і эмоцыі я пакінула падчас асабістага турніру. Выступаць за каманду, дзе і адказнасць іншая, і тактыка адрозніваецца, выйшла «разабраная».
І сабрацца не здолела
(смяецца).

– Эмілія, у гэтым годзе ты скончыла Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Па-першае, наколькі няпроста было сумяшчаць вучобу і трэніроўкі? Па-другое, што далей?

– Рэальнае, цвёрдае і мэтанакіраванае імкненне стаць навучэнкай вучылішча з’явілася, калі была сямі-
класніцай сярэдняй школы № 2 г. Ляхавічы. Да гэтага моманту прыйшлі пэўныя поспехі, былі перамогі і прызавыя месцы на абласных спаборніцтвах.
10 і 11 класы прайшлі ўжо ў сталічным вучылішчы. Наколькі цяжка? Месцамі было няпроста, але ж нічога незвычайнага не адбывалася. Калі не было спаборніцтваў ці выязных спартыўных збораў, дзень у вучылішчы пачынаўся ў 8.30. Першая трэніроўка звычайна пачыналася з кросу. Дыстанцыю працяглай не назаву – 4-5 кіламетраў. Затым пераапраналіся ў кімано:
пачыналася работа ў зале. З 11.00 прыступалі да вучобы. Пасля заняткаў – другая трэніроўка. Аўторак і пятніца – дні барацьбы.
Перад адказнымі спаборніцтвамі дзённы расклад некалькі змяняецца. «Фізікі» – напружаных спартыўных практыкаванняў – становіцца менш, а работы над тэхнічнымі складнікамі дзюдо – больш. Напрыклад, практыкуюцца так званыя «рандоры». Гэта барацьба напаўсілы, з мэтай дазволіць саперніку выканаць на табе нейкае тэхнічнае дзеянне. І іншае. Што далей? Працяг вучобы ў РВАР. Толькі ўжо на ўзроўні атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі з перспектывай пасля яго заканчэння працаваць трэнерам.

– Як лічыш, што Эміліі Ксёнжык неабходна падцягнуць, каб выйсці на яшчэ больш высокі ўзровень дзюдо?

– Мусіць, усё. І тэхніку,
і «фізіку», і тактыку з псіхалогіяй. Буду працаваць.

Гутарыў Іван КАВАЛЕНКА.