На палетках гаспадара «Дажынак». Як ідзе жніво ў ЗАТ «Белпрампрыбор»

Апошнія дажыначныя штрыхі малююцца ў сёлетняй сталіцы раённых «Дажынак» – у Галаўнінцах. А тым часам завяршальныя акорды жніва-2023 гучаць на палетках гаспадара фестывалю-
кірмашу – ЗАТ «Белпрампрыбор».

Гаспадарка зноў гаворыць сваё важкае слова на адказнейшай уборачнай кампаніі. Як адзначае намеснік дырэктара «Белпрампрыбора» Андрэй Вараб’ёў, каб атрымаць някепскі для сёлетніх умоў надвор’я ўраджай, спрацавалі ўсе: агранамічная служба, камбайнеры, вадзіцелі на адвозцы зерня, работнікі зернесушыльных комплексаў.


Дарэчы, менавіта гэта сельгаспрадпрыемства адным з першых на Ляхавіччыне адкрыла сёлетні жніўны сезон. Збожжавымі і зернебабовымі культурамі, без уліку кукурузы, грэчкі і проса, у гаспадарцы засеяна 640 гектараў. Каторы год гаспадарка робіць стаўку на азімыя культуры, пад трэцікале адведзены 245 гектараў, пад пшаніцу – 90 гектараў, пад ячмень – 50 гектараў. Акрамя азімых, «Белпрампрыбор» вырошчвае і яравы ячмень, які збіраюць з плошчы ў 130 гектараў. Па стане на 18 жніўня намалочана 560 тон пры сярэдняй ураджайнасці збожжавых 41,6 цэнтнера
з гектара. Для не надта ўрадлівых тутэйшых земляў – гэта някепскі паказчык. І для параўнання: у леташні ўрадлівы год кожны збожжавы гектар тут даў у сярэднім 43 цэнтнеры, а пазалетась – 28 цэнтнераў з гектара.
Гэты жніўны сезон – другі ў працоўнай біяграфіі Віктара
Зубіка ў якасці камбайнера. У «Белпрампрыборы» ён лепшы, намалаціў каля 1 300 тон.


Надзейны, зладжаны экіпаж – гэта пра старшага камбайнера Аляксандра Дубіну і камбайнера Мікалая Сокала. Уся працоўная біяграфія Аляксандра Дубіны звязана менавіта з тутэйшай гаспадаркай. А гэта больш за тры дзесяцігоддзі. А вось яго напарнік Мікалай Сокал толькі некалькі гадоў працуе ў «Белпрампрыборы».
З поля МАЗы, якімі па-майстэрску ўпраўляюць вадзіцелі Мікалай Бярэзіч (перавёз каля 1 400 тон збожжа з улікам рапсу) і Аляксей Кулак (перавёз каля 700 тон збожжа), адзін за адным
адвозяць толькі-толькі намалочаны ўраджай на ЗСК у Шчэрбава, дзе збожжа даводзіцца да неабходных кандыцый. На двух збожжаачышчальных комплексах шчыруюць Аляксей Максімчык, Валерый Патапчык, Іван Некрашэвіч.


Сельгаспрадпрыемства клапоціцца пра стварэнне належных умоў для ўдзельнікаў жніва. Тычыцца гэта і якаснай арганізацыі харчавання ў гарачыя летнія дні. Усе, хто задзейнічаны ў адказнейшай аграрнай кампаніі, атрымліваюць двухразовае харчаванне, стравы з любоўю гатуюцца ў сталоўцы «Белпрампрыбора» і развозяцца па аб’ектах. Па водгуках тутэйшых працаўнікоў, кормяць смачна і разнастайна.
А колькі заважыць сёлетні каравай «Белпрампрыбора», даведаемся на раённых Дажынках. Да святкавання засталося зусім мала часу.