Волат з Растова на палях СВК «Ляхавіцкі». Расказваем пра новы магутны трактар

На пачатку бягучага тыдня парк сельскагаспадарчай тэхнікі раёна атрымаў папаўненне. Як паведамілі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні Ляхавіцкага райвыканкама, фактаў рэгістрацыі такой тэхнікі на тэрыторыі Брэсцкай вобласці да гэтага не адзначалася.

І вось – СВК «Ляхавіцкі». Трактар «Растсельмаш 2400» спачатку заняў сваё месца на тэрыторыі машыннага двара гаспадаркі, але на зусім не працяглы час – для правядзення неабходнага ў такім выпадку комплексу перадэксплуатацыйных работ і рэгламентаў, у чым спецыялістам «Ляхавіцкага» дапамагалі прадстаўнікі дылерскай
службы завода-вытворцы. Сярод іншага, магутная машына была даўкамплектавана парамі дадатковых колаў, з дапамогай якіх дасягаецца змяншэнне паказчыка ўдзельнага ціску трактара на грунт.
А ва ўмовах падрыхтаванай да, напрыклад, сяўбы глебы і з улікам больш як 20-тоннай масы машыны – гэты факт не павінен здавацца нечым малазначным.


«Растсельмаш 2400» даверылі вопытнаму, умеламу і граматнаму механізатару Генадзію Граблюку (на здымку).

– Генадзію падуладная любая тэхніка – хоць збожжаўборачны кам-
байн, хоць самы магутны трактар, – давялося пачуць у адрас меха-
нізатара.
Ужо некалькі дзён як Генадзій Граблюк і яго новы жалезны «партнёр» задзейнічаны на сяўбе азімага рапсу. Усё атрымліваецца як належыць. Сучасны шыроказахватны пасяўны комплекс у агрэгацыі з не менш сучасным і магутным трактарам адлічваюць пасяўныя гектары адзін за адным.
– Важна «разабрацца» з рапсам своечасова. Але і пра якасць выкананых работ не варта забывацца. Тэрміны і якасць сяўбы – тое абавязковае, з чаго пачынаецца ўраджай. Ці ёсць цяжкасці з асваеннем новай тэхнікі? На першым часе, а за рулём растоўскага волата не правёў яшчэ і двух дзён, адчуваю, канешне, моманты некаторай неспрактыкаванасці. Папярэдні трактар, якім я кіраваў доўгія сезоны, быў абсталяваны аўтаматычнай каробкай перамены перадач. Спрактыкаваўшыся да яе, перайсці на «механіку» складана. Але ж упэўнены, што ўжо заўтра
пра каробку-аўтамат рукі і не ўспомняць, – прыпыніўшы на хвіліну работу, адзначае сейбіт.
Магутнасць трактара складае некалькі больш за чатыры сотні конскіх сіл. Машына сабрана на шарнірна-сучлянёнай раме, камп’ютарызавана, аснашчана прыстасаваннем «аўтапілот», можа працаваць на трамбоўцы сянажна-сіласных траншэй, што вельмі не рэкамендавана ў дачыненні да асобных іншых цяжкіх трактараў.
Адметна, што ляхавіцкі экзэмпляр «Растсельмаша 2400» «абуты» ў гуму вытворчасці «Белшына».
Трактар набыты гаспадаркай у лізінг.