У прыгажосці ёсць аўтары. На Ляхавіччыне праходзіць штогадовы агляд-конкурс на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан тэрыторый райцэнтра

Стыльна, эстэтычна, з густам, утульна – так можна ахарактарызаваць тэрыторыі многіх прадпрыемстваў і прыватных падворкаў у Ляхавічах. І такі парадак і выключную чысціню нельга не заўважыць.

Рашэннем райвыканкама аб’яўлены штогадовы агляд-конкурс на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан тэрыторый райцэнтра. Створана спецыяльная камісія, якая і вызначае пераможцу ў розных намінацыях (усяго іх восем). Падаць заяўку на ўдзел у конкурсе маглі не толькі арганізацыі любой формы ўласнасці, а і гаспадары прыватных сядзіб.

– Утрыманне ў належным санітарным стане адміністрацыйных будынкаў, вытворчых памяшканняў, у тым ліку своечасовы рамонт, афарбоўка фасадаў, стан даху, наяўнасць элементаў безбар’ернага асяроддзя, уладкаванне асвятлення фасадаў, аб’ём выкананых работ па добраўпарадкаванні, наяўнасць на тэрыторыях кветнікаў і зялёных насаджэнняў, ландшафтных кам-пазіцый, уладкаванне новых і падтрыманне ў належным стане раней устаноўленых малых архітэктурных формаў – асноўныя крытэрыі ацэнкі для прадпрыемстваў і арганізацый, – расказвае начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
Што тычыцца намінацыі «лепшая прыдамавая тэрыторыя адна-кватэрных жылых дамоў», то тут улічваюцца стан фасаду дома і тэрыторыі, іх утрыманне, прымяненне элементаў дызайну, наяўнасць і стан зялёных насаджэнняў, кветнікаў, устаноўка малых архітэктурных формаў, стан агароджы, зямельнага ўчастка і іншыя акалічнасці.
– У намінацыі «лепшае прадпрыемства вытворчай сферы» прадстаўлены ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», раён электрасетак, раён газазабеспячэння. ПМС і станцыя каранціну раслін змагаюцца за перамогу ў намінацыі «лепшая сельскагаспадарчая арганізацыя». Гімназія і СШ № 2 падалі заяўкі на ўдзел у конкурсе ў намінацыі «лепшая ўстанова адукацыі». У намінацыі «лепшая арганізацыя сацыяльнай сферы» толькі адзін прэтэндэнт – УАЗ «Ляха-
віцкая ЦРБ». Жыхаркі райцэнтра Валянціна Марару і Антаніна Касцюкова ўдзельнічаюць у конкурсе ў намінацыі «лепшая прыдамавая тэрыторыя», – удакладняе Марына Завадская.
Як і ў любым конкурсе, пераможца атрымае ўзнагароды. Маральны стымул – назвы арганізацый і прозвішчы гаспадароў дамоў абавязкова прагучаць на старонках «ЛВ», у сацыяльных сетках і тэлеграм-каналах. Прысутнічае і матэрыяльнае заахвочванне: юрыдычныя асобы атрымаюць па 35 базавых велічынь, фізічныя
асобы – 5 БВ.


На пачатку гэтага тыдня конкурсная камісія праманіторыла адрасы ўдзельнікаў агляду-конкурсу. Ёсць агульная выснова: усе канкурсанты сапраўды дастойныя перамогі, добра падрыхтаваліся.
Тэрыторыя Ляхавіцкай ЦРБ даволі ўнушальная па памерах. Але ў любую пару года тут заўжды ідэальны парадак. А з вясны да позняй восені – кветкавыя дываны на клумбах, акуратна падстрыжаныя кусты і падкошаныя газоны.


Міжволі прыцягвае ўвагу малая архітэктурная форма ў колерах беларускага сцяга з надпісам «Мая Айчына Беларусь», устаноўленая каля адміністрацыйнага будынка ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». Тут жа і падсветка з рэкламай, і кветкавае аздабленне, і ўтульныя лавачкі каля магазіна «Заводскі», і «Птушка-ляхавічка» на вуліцы Леніна.
Усё акуратна, вытрымана ў адным стылі, нічога лішняга – так сустракае тэрыторыя раёна газазабеспячэння.
З першых крокаў па тэрыторыі гімназіі (фота 1) адчуваецца суцэльны творчы падыход. Каля кожнага аб’екта хочацца спыніцца і любавацца ўбачаным. Дзіву даешся, як можна так віртуозна выразаць геаметрычныя фігуры з зялёных насаджэнняў ці падабраць каляровую гаму для шматлікіх кветнікаў.
Гараджанка Антаніна Касцюкова не першы год удзельнічае ў разнастайных конкурсах па добраўпарадкаванні і заўжды трапляе ў лік прызёраў. Нічога не скажаш – гаспадыня яна адметная і з крэатыўным падыходам. На яе ўтульную сядзібу на вуліцы Міру (фота 2) нельга не звярнуць увагу. Агароджа, фасад дома, мора кветак – усё цудоўна!


Канешне, гэта далёка не канчатковы пералік арганізацый і прыватных адрасоў, дзе выдатнае добраўпарадкаванне. Не зразумела, чаму не захацелі прадэманстраваць свае дасягненні ў плане чысціні і парадку іншыя прадпрыемствы і арганізацыі, якім таксама ёсць што паказаць. Дарэчы, конкурс плануецца і ў наступным годзе. А пакуль чакаем рашэння журы наконт лепшага гаспадара 2023 года. Камісія плануе падвесці вынікі конкурсу да Дня народнага адзінства.


Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.