Няпросты ход сельскагаспадарчага года. Напярэдадні раённых «Дажынак» сваімі разважаннямі падзяліўся з «ЛВ» першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Ляхавіцкага райвыканкама

Сезон уборкі хлеба завяршыўся зусім нядаўна. Грунтоўны аналіз
і на яго аснове канчатковыя вынікі, работа над памылкамі, калі такія мелі месца, будуць зроблены пазней – пасля кукурузы, проса, грэчкі, якія ўсё яшчэ ў палях і працягваюць даспяваць.
Але пра многае можна гаварыць ужо зараз. Напрыклад, пра вал палёў і ўраджайнасць у разрэзе асобных гаспадарак і сельгаскультур, пра «сухія» акалічнасці леташняй азімай сяўбы і, наадварот, дажджлівае жніво і іншае. Напярэдадні раённага свята хлебаробаў «Дажынкі» сваімі разважаннямі падзяліўся з «ЛВ» першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Ляхавіцкага райвыканкама Васілій ПЫЖЫК:



– Нават на фоне ўстойлівага выразу пра заведамую нялёгкасць хлеба гэты раслінаводчы сезон вызначаўся жорсткасцю. Гавару гэта не для таго, каб паскардзіцца і не ў якасці апраўдання – выключна з мэтай яшчэ раз падкрэсліць уменне аграрыяў працаваць у любых умовах. Ні выбраць іх, ні прыстасаваць не з’яўляецца магчымым. Застаецца карэкціраваць сваю работу, абапіраючыся на канкрэтныя ўмовы надвор’я. Як пасееш, так і пажнеш, кажуць. Якой была мінулая азімая сяўба ў раёне? Жорсткая ў той час засуха ў многіх месцах пераўтварыла верхні слой глебы фактычна ў пыл. А такая сяўба – гэта гарантавана падоўжаныя ўсходы, іх нераўнамернасць па часе і розных участках аднаго і таго ж поля. На дробнанасенных культурах у шэрагу выпадкаў гаспадаркі дадаткова выкарыстоўвалі прыкатку пасеваў. Але і яна – далёка не панацэя.
Падчас яравой сяўбы ўжо іншае: вільгаці многа, а цяпла недастаткова. На працягу, можа, тыдня адзначаліся начныя «мінусы», якія,
зноў жа, справакавалі больш познія і нераўнамерныя ўсходы і іх малаактыўны рост.
Мінулая зіма і першы вясновы месяц былі дастаткова спрыяльнымі, усё паказвала на стабільна-ўстойлівы выхад збожжавых і рапсу з зімоўкі. Так і адбылося, факты неперазімоўкі, вымакання пасеваў калі і адзначаліся, то ў нязначнай колькасці, на лічаных гектарах. Былі ўсе перадумовы да таго, што рэкордны па зборы ўраджай 2022 года Ляхавіччыне ўдасца паўтарыць і сёлета.
Аднак летняя адсутнасць дажджоў, якая доўжылася больш за месяц, канешне ж, не паспрыяла наліву зерневага коласа.
І тое, што раён мае сёння на фоне ўсяго пералічанага, можна лічыць дасягненнем. Раённы вал сабранага ў 2023 годзе
хлеба і насення рапсу складае каля 78 тысяч тон.
Няхай у бункернай вазе, але і без уліку грэчкі, проса і зерня кукурузы, якая гэтым часам працягвае даспяваць – фарміраваць і наліваць пачаткі.
Калі ж прадоўжыць пра кукурузу, то будзе справядлівым сказаць, што сёлетні раслінаводчы сезон стаў для «царыцы палёў» не самым горшым. Вясенне-летнія кліматычныя неспрыяльнасці, калі і адбіліся на яе росце, то не асабліва значна і толькі на першых этапах вегетацыі. Жнівеньскае цяпло і дажджы заўважна «падцягнулі» кукурузу, і ўжо можна прагназаваць яе добрыя, у цэлым, ура-
джайныя паказчыкі. Гэта тычыцца і зерня, і зялёнай масы. Дарэчы, «зялёную» ўборку кукурузы плануюць пачаць на будучым тыдні. Належыць выканаць вялікі аб’ём работы, за кошт закладкі кукурузнага сіласу маем намер істотна палепшыць кармавыя балансы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Жніво-2023 пачыналася і на працягу некалькіх тыдняў вялося таксама ва ўмовах маласпрыяльнага надвор’я. Частыя дажджы тармазілі ўборку, для гаспадарак яна абыходзілася даражэй звычайнага, паколькі дасушваць даводзілася, у прамым сэнсе, кожны кілаграм сабранага ўраджаю. Найбольш няпроста было тым сельгаспрадпрыемствам, у якіх нізкая забяспечанасць ачышчальна-сушыльнымі комплексамі. Нярэдка
працаваць даводзілася паралельна і з рапсам, і з ураджаем каласавых культур.
У цэлым жніво ў раёне хоць і было няпростым, прайшло без асаблівых узрушэнняў, дастаткова зладжана, атрымалася ўкласціся ў вызначаныя тэрміны. У чым бачу заслугу літаральна ўсіх і кожнага ўдзельніка ўборачнай кампаніі: камбайнераў, вадзіцеляў аўтамабіляў-адвозчыкаў, аграномаў, спецыялістаў інжынерных і рамонтных службаў сельгаспрадпрыемстваў. І, канешне ж, кіраўнікоў гаспадарак.
Перад пачаткам жніва парк збожжаўборачных агрэгатаў раёна атрымаў, лічу, істотнае папаўненне – на восем машын. Новыя «гомсельмашы», у тым ліку і мадэлі 2124, набылі ААТ «Шлях новы», «Жарабковічы», «Нача» і СВК «Ляхавіцкі».
Уборцы хлеба, канешне ж, папярэднічаў доўгі перыяд яго вырошчвання. Як і заўсёды няпросты, апошні сезон выпрабоўваў нашых раслінаводаў на ўсіх этапах вытворчасці: сяўба першая і другая, летняя вегетацыя, жніво. Справіліся, знайшлі, што супрацьпаставіць, як згуляць на сваю карысць.
Найбольш важкага гектара сёлета дасягнулі працаўнікі ААТ «Шлях новы». Што асабліва адметна – і збожжавага, і рапсавага. Ужо відавочным з’яўляецца факт, што ў палях гаспадаркі даспявае
нядрэнны ўраджай кукурузы, цукровых буракоў і іншых сельгаскультур – як вынік сумеснай і тэхналагічнай работы кожнага на сваім участку адказнасці.
Усіх хлебаробаў раёна віншую са святам завяршэння ўборкі, з нядрэнным хлебам, з «Дажынкамі»!