Чакаюцца спартыўныя абнаўленні. У мінулую сераду міністр спорту і турызму пабываў з рабочым візітам на Ляхавіччыне

Матэрыяльная база СДЮШАР, працэс і ўмовы падрыхтоўкі юных спартсменаў, замацаванне маладых кадраў – гэтыя і многія іншыя пытанні праінспектаваў міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук, які ў мінулую сераду пабываў з рабочым візітам на Ляхавіччыне.

Падчас наведвання СДЮШАР міністр пазнаёміўся з аддзяленнямі, на якіх трэніруюць дзюдаістаў, лёгкаатлетаў, гандбалістаў і футбалістаў. У зале дзюдо на татамі падрастаючаму пакаленню майстар-клас давала двухразовы бронзавы прызёр II Гульняў СНД Эмілія Ксёнжык, якая спартыўную кар’еру пачынала тут, у мясцовай школе. Сяргей Кавальчук павіншаваў дзюдаістку і пажадаў далейшых спартыўных поспехаў. Таксама міністр пацікавіўся ў трэнера па дзюдо Віктара Богуша, ці здавальняюць умовы для трэніровак, чаго не хапае.
У гандбольнай зале Сяргея Кавальчука сустрэлі трэніроўкай. Для больш якаснага працэсу ён уручыў юным гандбалістам новыя мячы.
Станоўчую адзнаку атрымалі нядаўна абноўленыя бегавыя дарожкі на стадыёне, дзе займаюцца лёгкаатлеты. Сярод праблемных пытанняў – нездавальняючы стан трыбун. У планах – рамонт! Экскурс па СДЮШАР не быў бы поўным без наведвання музейнага кутка, дзе беражліва занатавана спартыўная гісторыя раёна. Тут імёны тых, на каго раўняюцца сённяшнія спартсмены, імёны
тых, у чый гонар называюць турніры і спаборніцтвы.
Прыём грамадзян адзначыўся пытаннем пра будаўніцтва ў райцэнтры басейна. Міністр спорту і турызму запэўніў, што
гэтаму аб’екту ў Ляхавічах – быць. Галоўнае, каб сённяшняя запатрабаванасць захавалася і пасля ўзвядзення будынка.
Начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Юрый Хоміч адзначыў, што ляхавічане з гэтым пытаннем неаднойчы звярталіся на розныя прыёмы грамадзян. У Дзяржпраграме на
2021–2025 гады райцэнтр значыцца месцам новабудоўлі. З каардынатамі будучага будаўніцтва вызначыліся, справа за фінансаваннем.
Рабочы візіт міністра завяршыўся сустрэчай са спартыўнай грамадскасцю раёна. Сяргей Кавальчук падзяліўся станоўчымі ўражаннямі ад наведвання СДЮШАР:
– Людзі да сваёй работы падыходзяць з любоўю да справы, заахвочваюць падрастаючае пакаленне да заняткаў спортам і ствараюць належныя ўмовы для будучых пераможцаў. Аднак ёсць над чым працаваць.
Таксама міністр спорту і турызму расказаў пра спар-
тыўную інфраструктуру ў краіне. Падкрэсліў, што і ў абласных цэнтрах, і ў раённых да спорту і здаровага ладу жыцця адносіны – адказныя. Будуюцца спартыўныя цэнтры, паляпшаецца матэрыяльная база спартыўных устаноў. Што і пацвердзілі II Гульні краін СНД. Спаборніцтвы такога ўзроўню прымалі ў спартыўных аб’ектах як у абласных гарадах, так і раённых. Увогуле, Беларусь годна паказала сябе ў якасці арганізатара Гульняў.
Падчас наведвання СДЮШАР дырэктар спартыўнай установы Валян-
ціна Русакевіч адзначыла і неабходнасць абнаўлення трэнажорных залаў.
Менавіта на гэта ў асноўным пойдуць 15 тысяч рублёў. Сертыфікат на адпаведную суму кіраўнік спартыўнага ведамства перадаў спартшколе.
Былі пытанні і адказы, а, галоўнае, змястоўная размова.