Цёплы экспарт і не толькі. Калектыў ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» адзначве прафесійнае свята


55 гадоў назад у Тухавічах быў заснаваны торфабрыкетны завод «Ляхавіцкі». Праз два гады ён здабыў першую партыю фрэзернага торфу для кампаставання. Паўвека назад тухавіцкія торфаздабытчыкі сталі выпускаць брыкет – самы на той час запатрабаваны від паліва. На пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя з канвеера сыходзіла каля 160 тысяч тон прадукцыі ў год!
На жаль, змяненні, што адбыліся напрыканцы мінулага – пачатку бягучага стагоддзя, не зусім станоўча паўплывалі і на брыкетную вытворчасць. Попыт на гэты від паліва пачаў зніжацца. Адмоўным чынам гэта адбілася і на заводзе ў Ляхавіцкім раёне. Але трэба ведаць тухавічан, якія не прывыклі скарацца цяжкасцям.
– Зразумела, неабходна было шукаць новыя рынкі збыту. І мы іх знайшлі, у тым ліку замежныя. Так, давялося памяняць схему разгрузкі, лагістыку, спатрэбіўся час, каб знайсці партнёраў, новых спажыўцоў торфабрыкетнай прадукцыі. І сёння можам сказаць: наш калектыў упэўнена трымаецца на плаву, – адзначае дырэктар
ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» Уладзімір Гунько.
Ва ўмовах санкцый сёлета за восем месяцаў экспарт тухавіцкіх бры-
кетаў, што адпраўляюцца, у асноўным, у Польшчу, Літву, дасягнуў
1 500 тысяч долараў – 140 працэнтаў да ўзроўню аналагічнага мінулагодняга перыяду. Колькасць замежных пакупнікоў, жадаючых купіць тухавіцкія брыкеты, толькі павялічваецца.
– Умоўна нашы рынкі збыту можна падзяліць на чатыры часткі. Акрамя экспарту, гэта і продаж брыкету насельніцтву, арганізацыям жыллёва-камунальнай і сацыяльнай сфер, а таксама продаж сушонкі на беларускія цэментныя заводы. Так, 52 працэнты сушонкі, якая паступае ў Беларускую цэментную кампанію, выпускаецца на нашым
прадпрыемстве, – гаворыць кіраўнік ААТ.
Канешне, за такой запатрабаванасцю і ўстойлівай папулярнасцю тухавіцкай прадукцыі – штодзённая руплівая праца здабытчыкаў і перапрацоўшчыкаў аднаго з самых паспяховых прадпрыемстваў паліўна-энергетычнай галіны краіны і першага па велічыні прадпрыемства па вытворчасці паліўных брыкетаў у Еўропе.
На ўстойлівую і планамерную работу прадпрыемства могуць паўплываць многія фактары: і змяненні кан’юнктуры рынку, і санкцыйная палітыка, ды і надвор’е раз-пораз прыносіць непрыемныя сюрпрызы, як, напрыклад, сёлета.
– Здабыча торфу – справа метэазалежная. Сёлета пачалі працаваць на тарфяных палетках у звычайны час – у другой дэкадзе красавіка. На той перыяд толькі 40 працэнтаў плошчаў былі прыгодныя для здабычы. Потым у чэрвені пачаўся доўгі дажджлівы сезон, што, безумоўна, паўплывала на тэрміны палявых работ. Так што давялося даганяць графік. На сёння здабыта 92 працэнты ад запланаванага – 370 тысяч тон, – расказвае Уладзімір Гунько і дадае:
– Таму зноў і зноў хачу шчыра падзякаваць нашым торфаздабытчыкам, якія ў самых складаных умовах надвор’я паказваюць высокія вытворчыя паказчыкі.
І сапраўды прозвішчы лепшых з лепшых рупліўцаў тарфяных палёў гучаць сярод лідараў традыцыйнага рэспубліканскага спаборніцтва сярод торфаздабытчыкаў краіны. Сёлета, як і каторы год запар, машыніст-штабялёўшчык Генадзій Гутырчык паказвае майстар-клас: выканаў ужо двухсезоннае заданне – заштабеляваў 95 тысяч тон торфу. Першы сезон у якасці машыніста па здабычы торфу Анатолій Маркевіч, але ўжо ў яго адзін з лепшых паказчыкаў сярод калег у галіне – больш за 20 тысяч тон. Профі – гэта пра машыністаў па здабычы торфу Дзяніса Гаўрыльчыка, Валерыя Цыруліка, Анатолія Лапіча. Выдатна – такую адзнаку кіраўніцтва завода ставіць машыністам пагрузчыка Мікалаю Жылінскаму, Дзянісу Сватко.
Працаваць на склад – адназначна гэта не пра ляхавіцкі торфабрыкетны. Як адзначае Уладзімір Гунько, спажыўцы чакаюць тухавіцкую прадукцыю з нецярпеннем.
Чатыры гады назад у ТБЗ «Ляхавіцкі» з’явіўся першы філіял – торфапрадпрыемства «Калпеніца» ў Баранавіцкім раёне, дзе прайшлі мадэрнізацыя, рамонты, устаноўлена новае тэхналагічнае абсталяванне. Цяпер «Калпеніцу» не пазнаць. А на пачатку 2023 года ў прадпрыемства чарговае прыбаўленне – філіялам стаў і «ТБЗ Гатча-
Осаўскі». Такім чынам, калектыў ААТ «ТБЗ Ляха-
віцкі» сёння – каля
380 чалавек, якія разам
вырашаюць задачу дзяржаўнай важнасці ў паліўнай энергетыцы.
Напярэдадні прафесій-
нага свята – Дня работнікаў нафтавай, газавай і паліў-
най прамысловасці – у Тухавічах ушаноўвалі лепшых работнікаў-завадчан. Колькі было ўзнагарод! Звання «Ганаровы работнік газавай і паліўнай прамысловасці» ўдастоены дырэктар прадпрыемства Уладзімір Гунько, а таксама машыніст па здабычы фрэзернага торфу філіяла «Торфапрадпрыемства Калпеніца» Тадэвуш Сташынскі. Ганаровага звання «Ветэран газавай
і паліўнай прамысловасці» ўдастоены былы дырэктар «Калпеніцы» Сяргей Ваўчкоў і былы машыніст цеплавоза ТБЗ Іван Рабцэвіч.
Ганаровай граматай Міністэрства энергетыкі Беларусі ўзнагароджаны рабочы па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў філіяла «ТП Калпеніца» Мікалай Булыга. Ганаровай граматай ДВА «Белпалівагаз» адзначаны вадзіцель філія-
ла «ТБЗ Гатча-Асоўскі» Віктар Масейка, Падзякай «Белпалівагаза» – манцёр пуці торфабрыкетнага
завода Сяргей Матчэня.
«ЛВ» далучаецца да віншаванняў у адрас усіх, хто ў адказе за паліўна-энергетычную бяспеку. Жадаем моцнага здароўя, трываласці і пакарэння новых працоўных вяршынь.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.






Начальнік брыкетнага цэха Васілій Іваноў


і вадзіцель пагрузчыка Мікалай Жылінскі.
