Адкрыты прафесійны дыялог. Напярэдадні новага навучальнага года на Ляхавіччыне прайшоў жнівеньскі педагагічны форум работнікаў адукацыі Ляхавіцкага раёна

Гаварылі пра важнае і галоўнае. Сёння адукайцыйная прастора развіваецца, укараняюцца новыя тэхналогіі, а задачы і выклікі часу экзаменуюць педагогаў з дня ў дзень. У 2022/2023 навучальным годзе была адкарэкціравана работа сістэмы адукацыі ў адпаведнасці з абноўленым Кодэксам аб адукацыі. Якім быў мінулы год, што атрымалася, з якімі вынікамі мы падыходзім да 1 верасня, у сваім дакладзе адукацыйнаму актыву праінфармавала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская.

Галоўнае, што ўсе дашкольныя установы, гімназія і школы раёна, ЦКРНіР атрымалі спецыяльныя дазволы на ажыццяўленне адукацыйнай дзейнасці. Рамонтна-аднаўленчыя работы закранулі ўсе ўстановы адукацыі – школы гатовы да вучэбнага працэсу.
Пытанне з разраду важных – арганізацыя школьнага харчавання. З 1 верасня палова ўстаноў сярэдняй адукацыі пяройдзе на новыя ўмовы харчавання, другая палова – з 1 верасня 2024 года.
І для гэтага праекта ўсё гатова! Асобна Святлана Якубоўская спынілася на праблемных пытаннях. Сярод іх – зніжэнне колькасці дзяцей у дзіцячых садах. Сярэдняя напаўняльнасць груп складае 14,5 чалавека, а колькасць выхаванцаў на аднаго педработніка – менш за 9 чалавек. Безумоўна, адзін з важных накірункаў адукацыйнай дзейнасці – падрыхтоўка школьнікаў да розных алімпіяд, конкурсаў, праектаў як рэспубліканскага, так і абласнога і раённага маштабаў. Галоўнае, што для гэтага ў раёне створаны ўсе ўмовы, ёсць педагогі, якія зацікаўлены і бачаць патэнцыял, умеюць развіць здольнасці. Ёсць таленавітыя вучні, якія
паказваюць дастойны вынік, гатовы старанна працаваць і абараняць гонар раёна на розных пляцоўках.
– Сёння перад сучаснай школай стаіць задача стварыць умовы для максімальнага развіцця прыродных здольнасцей кожнага дзіцяці, выявіць адораных дзяцей, – адзначыла Святлана Якубоўская.
У раёне штогод арганізоўваецца аптымальная структура спецыяльнай адукацыі. Асобнай увагі заслугоўвае такі факт, што клуб ЮНЕСКА «Заранка» (дзейнічае на базе ЦКРНіР) з’яўляецца нефармальным цэнтрам беларускіх народных і дзіцячых гульняў. Гэта вынік удзелу ў маладзёжным гісторыка-культурным праекце «З гульнёй праз стагоддзі».

Значнай падзеяй мінулага навучальнага
года стала адкрыццё абноўленага ЦДАДіМ, які сёння працуе у розных напрамках: мастацкім, грамадска-гуманітарным, турысцка-краязнаўчым.
Святлана Якубоўская павіншавала калег з пачаткам навучальнага года. Адзначыла, што наперадзе чакае далейшая работа па ўдасканаленні метадычнай службы, стварэнні спрыяльных умоў для прафесійнага развіцця педагогаў, пажадала унутранай стойкайсці і прафесійнай чуласці!
– Сёння перад вамі стаіць важная задача – выхаваць патрыётаў. А гэта можа зрабіць толькі сапраўдны патрыёт
сваёй краіны. Сёння ваша сіла інтэлекту, шырыня і глыбіня эрудыцыі, вера ў сапраўдныя каштоўнасці з’яўляюцца галоўнымі арыенцірамі ў рабоце. Дзякуй, што выбралі такі няпросты шлях, – словы
падзякі і віншавання педагогам накіраваў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз.
Шэраг узнагарод рознай вартасці сёння знайшоў сваіх адрасатаў. Гучалі апладысменты і заслужаныя словы падзякі
за працу.
Да віншаванняў далучылася і старшыня галіновага прафсаюза Людміла Буцько.
Сёлета педагагічная сфера раёна прадаставіла першае працоўнае месца для дзесяці маладых спецыялістаў. Ім настаўленні і пажаданні плённай працы, падарункі і апладысменты ад старэйшых калег!
Традыцыйна ў фае разгарнулася выстава: сваю работу прэзентавалі ўсе ўстановы адукацыі Ляхавіччыны. З кожнай азнаёміўся кіраўнік раёна. А тое, што першавераснёўскае свята ўжо на парозе, нагадвалі кветкавыя кампазіцыі.
Пераходны кубак і Падзячнае пісьмо аддзела па адукацыі райвыканкама за стварэнне ўмоў для работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі ў гэтым годзе ўручаны СШ № 2.

Маргарыта
КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.