У патрыётаў свой маршрут
Напрыканцы жніўня дэлегацыя Ляхавіцкага раёна наведала сталіцу з экскурсійнай мэтай. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Жалнерчык запрасіла ляхавічан
у месца, дзе, у асноўным, адбываецца заканатворчая дзейнасць. Не менш уражанняў ад наведвання Прэзідэнцкай бібліятэкі. Патрыятычным акордам экскурсійнага дня стала наведванне мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Ляхавічане дзеляцца ўражаннямі.
Юлія БАЦКАЛЕВІЧ, галоўны спецыяліст райсавета дэпутатаў:
– Пабываць у месцы, дзе распрацоўваюцца праекты законаў, само па сабе ўжо цікава. Зараз дэпутаты Палаты прадстаўнікоў працуюць у складзе пастаянных камісій. Наш дэпутат Людміла Жалнерчык з’яўляецца намеснікам старшыні пастаяннай камісіі
па заканадаўстве. Канешне, сам будынак Палаты – гэта бела-
руская каштоўнасць, тут зафіксавана ўся гісторыя беларускага парламентарызму. Асаблівае месца ў музейных кампазіцыях
займае гісторыя Асноўнага Закона краіны. Прыняцце Канстытуцыі стала важным этапам у станаўленні незалежнай Беларусі. Канешне, пабываць у зале пасяджэнняў, адчуць гэту атмасферу –
незабыўна, адным словам! Шмат эмоцый і новых ведаў прывезлі і пасля наведвання Прэзідэнцкай бібліятэкі. Здаецца, тут ёсць усё: кнігі любых аўтараў, даўнасці і краін, ёсць і перыёдыка. Прыемна ў сталіцы сустрэцца з раёнкай. Здзівілі старажытныя кнігі, датаваныя XVI стагоддзем, можна дакрануцца да сапраўднай гісторыі. Колькі ўсяго
незвычайнага, унікальнага, каштоўнага ёсць у нашай Беларусі, так важна гэта ведаць, перадаць нашым нашчадкам.
Мікалай БРОКАР, дырэктар СУП «Ліпнянка»:
– У мемарыяльным комплексе «Хатынь» давялося пабываць упершыню. Першае ўражанне – гэта сплаў пачуццяў: боль, жалоба, страх, разам з тым гонар за беларусаў, што адстаялі краіну, народ, незалежнасць і перадалі нам, свабоднаму народу. Лічу, што кожны беларус павінен пабываць у «Хатыні» – тут усё гаворыць само за сябе. Пералік вёсак, якія гарэлі ў фашысцкім агні, якія так і не здолелі паўстаць з попелу, прозвішчы цэлых сем’яў, якім больш ніколі не наканавана сабрацца за сямейным сталом, –
усё гэта нагадвае пра кошт беларускага спакойнага жыцця. Музей, які ў мінулым годзе быў аб’яўлены ўсебеларускай маладзёжнай будоўляй, поўнасцю пагружае ў ваеннае мінулае. Жудасна чуць трэск агню, бачыць стылізаваны хлеў, у якім нібыта гінуць людзі. Ці ж вінаваты былі жанчыны, дзеці, старыя, якім давялося выцерпець такія пакуты?
Сярод вёсак, якія здолелі ажыць пасля фашысцкай жорсткасці, убачылі і нашы ляхавіцкія вёскі: Свяціца, Навасёлкі, Залужжа… Страшна і тое, што лічбы спаленых населеных пунктаў, адзначаных на мемарыяльных дошках, сёння значна павялічаны –
усё больш і больш выяўляецца новых фактаў нечалавечай жорсткасці фашыстаў. Таму той, хто не цэніць нашу свабоду, не лічыцца з гісторыяй ці думае, што да нас яна дайшла не такая, – без экскурсаводаў нават наведайце «Хатынь».
Там без слоў пад званы ў сэрцы выкрышталізуецца пачуццё. Гэта і ёсць патрыятызм.
Запісала Маргарыта
КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота аўтара.