Сустрэча #БРСМ21. Былыя сакратары райкама БРСМ успамінаюць пра той час
Патрыятычным працягам велапрабегу стала дыялогавая пляцоўка, імправізацыя якой ладзілася ў каардынатах вёскі Грушаўкі. Сюды трымалі маршрут спартсмены-актывісты розных грамадскіх аб’яднанняў. А падзея для размовы – самая што ні ёсць святочная. 6 верасня самая масавая маладзёжная арганізацыя краіны адзначыла 21-годдзе. На Ляхавіччыне райкам БРСМ запрасіў землякоў на своеасаблівы экскурс у гісторыю, а ў якасці экскурсаводаў – маладзёжныя лідары, якія ў розны час узначальвалі райкам БРСМ.
Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч узначальвала арганізацыю сем гадоў, лічы стаяла ля вытокаў яе стварэння.
– Час непаўторны. Хацелася аб’яднаць моладзь, прапанаваць тое, што магло б яе зацікавіць. Добра запомнілася, як прымалі ўдзел у Прэзідэнцкіх выбарах. Тады апрабавалі на практыцы такую працэдуру, як экзітпол. Разам з членамі БРСМ мы апытвалі тых, хто выходзіў з выбарчых участкаў, адпраўлялі даныя. Адчувалі свой уклад у вялікую справу. Разам з ДТСААФ ладзілі конкурс сярод вадзіцеляў «Мацней за баранку трымайся, шафёр!». Шмат чаго хочацца ўспомніць: турзлёты, акцыі, дабрачыннасць. БРСМ – гэта свет для кожнага, – адзначыла Ларыса Юшкевіч.
Эстафету ўспамінаў пераняла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк:
– БРСМ заўжды быў і застаецца ў віры жыцця. Рада, што члены БРСМ і сёння працягваюць традыцыі, якія былі закладзены раней. У час, калі працавала першым сакратаром, асабліва папулярныя былі турзлёты. Памятаю, як ездзілі на «Прыбужжа». Сёння гэта ўжо больш чым проста турзлёт – турыстычны фэст, хутчэй. Тады ж гэта была сапраўдная вандроўка ў паходных умовах. Песні – толькі пад гітару, пра электрычнасць не гаварылі. Працягнулі традыцыю і стварылі конкурс «Аўталэдзі», які не адзін год карыстаўся папулярнасцю. Шмат займаліся дабрачыннасцю. Галоўнае, заўжды былі надзейнай
сілай і такім маладзёжным рухавіком для сваёй краіны.
У працоўнай біяграфіі дырэктара дзіцячай школы мастацтваў Марыі Лутавінавай таксама значыцца райкам БРСМ:
– Мы сутыкнуліся ў рабоце, канешне, з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Хацелася выцягнуць моладзь са смартфонаў і даць сапраўдную пляцоўку для звычайных жывых зносін. Менавіта такім стала месца, дзе размяшчаецца райкам БРСМ. Туды за парадай, з ідэяй, прапановай спяшаліся актывісты. Ініцыятыва моладзі стварыць вулічны фэст перарасла ў пляцоўку «Адкрыты мікрафон». Вядомыя песні пад гітару спявалі, здаецца, усім горадам. А пасля ўвогуле стварылі камандныя спаборніцтвы. Шмат чаго хочацца ўспомніць, але ж, самае
галоўнае, якая б ідэя ні аб’ядноўвала моладзь – дабрачыннасць, студатрады, турзлёты – гэта заўжды ад душы.
Пра сённяшнюю арганізацыю, у якой налічваецца больш за
1 100 членаў, расказала першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Дземідовіч. Адзначыла, што сёння ў БРСМ ёсць надзейны сябар-партнёр – Маладзёжны парламент пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў – і разам яны яшчэ больш актыўна і мэтанакіравана працуюць на умацаванне краіны.
– Новы час – новыя ідэі. За мінулы год мы шмат разам папрацавалі – ладзілі сустрэчы з наведвальнікамі Ганчароўскага дома сумеснага пражывання, з аддзяленнем па ахове аб’ектаў г. Ляхавічы, пабывалі з дабрачыннай місіяй у ЦКРНіР. Важна, што працягнулі традыцыю «Адкрытага мікрафона», – адзначыла старшыня Маладзёжнага парламента пры райсавеце Алена Сцяблова.
Няхай будзе больш добрых спраў і пачынанняў. З днём
нараджэння, БРСМ!
Маргарыта
КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.