Вось ужо трэці год 17 верасня суверэнная Беларусь адзначае дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства. З чым яно асацыюецца, што ўвасабляе, і наколькі важна адзінства народа ў рэаліях сённяшняга часу
🇧🇾 Разам мы можам многае!
Вось ужо трэці год 17 верасня суверэнная Беларусь адзначае дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства. З чым яно асацыюецца, што ўвасабляе, і наколькі важна адзінства народа ў рэаліях сённяшняга часу – на гэтыя тэмы ў Год міру і стварэння разважаюць землякі.
Сяргей ПАМАЗАНСКІ, загадчык рэнтгеналагічнага аддзялення, старшыня прафкама УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ»:
– Для мяне, як для ўрача, як для чалавека, які цікавіцца гісторыяй, верасень 1939 года – дата асаблівая, можна сказаць, вызначальная. Менавіта з яе пачынаецца і гісторыя медыцыны Ляхавіччыны. Як сведчаць архіўныя даныя, калі заходняя частка Беларусі, у тым ліку і тэрыторыя сённяшняга Ляхавіцкага раёна, была пад уладай панскай Польшчы, тут зусім не было дзяржаўных бальніц. У простага чалавека не было шанцаў і фінансавых магчымасцяў трапіць да доктара, людзі лячыліся ў знахарак і рознымі народнымі сродкамі, смяротнасць была надзвычай высокай. І для параўнання: пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі і БССР на пачатку 1940 года было па 25 ложкаў для хворых у Ляхавічах і Крывошыне, 15 – у Востраве, працавалі ўрачэбныя амбулаторыі ў Мядзведзічах, Дараве, фельчарска-акушэрскія пункты ў Новых Будах і Сваятычах.
Самой назвай Дзень народнага адзінства ўслаўляе еднасць і згуртаванасць беларусаў. Сілу, адзінства мы прадэманстравалі, калі сапраўды разам змагаліся супраць пандэміі каранавіруса. Агульная бяда аб’яднала ўсіх: і медыкаў, і пацыентаў. А колькі неабыякавых землякоў дапамагалі людзям у белых халатах супрацьстаяць кавіду. Прадпрыемствы набывалі бытавую тэхніку, каб аблягчыць умовы працы медыкаў, пералічвалі сродкі на набыццё антысептыкаў, масак, пальчатак. Такая агульная дапамога і падтрымка дарагога вартыя.
Хачу сказаць і пра адзінства медыкаў, якія стаяць на варце здароўя жыхароў Ляхавіцкага раёна. Усе работнікі ЦРБ – члены прафсаюза. Мы заўжды разам і ў працы, і ў адпачынку. А прафсаюзная арганізацыя не толькі клапоціцца пра ўмовы працы работнікаў, але і пра тое, каб іх вольны час быў цікавым і змястоўным. Экскурсія і вандроўкі, адпачынак калектывам і з сем’ямі, турыстычныя злёты і спартыўныя спаборніцтвы – толькі частка арганізаванага прафсаюзам і з энтузіязмам падхопленага тутэйшымі работнікамі.