Бульба на славу – бярыся за справу. СВК «Ляхавіцкі» пачаў уборку бульбы
Камфортным у плане надвор’я аўторкам СВК «Ляхавіцкі» «стаў» у бульбяную баразну. Пачалася ўборка яшчэ нядаўна аднаго з галоўных відаў беларускай агародніны. Ці, як яго называлі, другога хлеба.
Сёння бульба ўжо ніякі не другі, не трэці і, здаецца, нават не пяты прадукт на нашым стале. Вытворцы сельскагаспадарчай і не толькі прадукцыі імкнуцца следаваць у фарватары спажыў-
цоў. Што карыстаецца попытам, а, адпаведна, мае і цану, на тым усё настойлівей і засяроджваюць свой вытворчы патэнцыял. А сітуацыя з вырошчваннем бульбы ў гаспадарках нашага, як мінімум, раёна развіваецца ў адваротным накірунку. Там, дзе яшчэ нейкі дзясятак гадоў назад пад бульбу не шкадавалі аддаць і чатыры сотні гектараў не самых горшых палёў, сёння абмяжоўваюцца пасадачнымі плошчамі ў пару-тройку-пяцёрку гектараў. Тэндэнцыя, аднак.
Бульбяныя палеткі Ляхавіц-кага раёна склалі ў гэтым годзе да сотні з невялікім хвосцікам гектараў. На вырошчванне бульбы пайшлі сёлета ўсяго тры нашыя гаспадаркі. Гэта намінальна, а калі не браць у залік ААТ «Нача», бульбапасадкі якой выражаюцца сціплай адназначнай лічбай, прамысловымі вытворцамі клубняплодаў у раёне з’яўляюцца толькі ААТ «Жарабковічы» і СВК «Ляхавіцкі».
З копкай сваіх 55 бульбяных гектараў «Жарабковічы» старта-
валі некалькі раней і, па стане на раніцу 19 верасня, убралі прык-
ладна чацвёртую ад неабходнага частку плошчаў. Мяркую-
чы па ўраджайнасці, а пакуль яна складае 220 цэнтнераў з гек-
тара, частку не самую лепшую.
У «Ляхавіцкім» наадварот: першы ўборачны дзень паказаў ураджайнасць сярэдняга гектара блізкую да пяці соцень цэнтнераў. Яна і выглядае адпаведна: роўныя і ледзь ці не ў натуральную велічыню «хлебныя боханы», сярод якіх вельмі складана знайсці экзэмпляр не дробнага, нават звычайнага памеру. Сапраўды «скарб».
Аб тым, што бульба на гэтым, размешчаным непадалёку ад вёскі Грушаўка 15-гектарным палетку СВК «Ляхавіцкі», абяцае быць ураджайнай, ускосна сведчаць і некаторыя факты «разарванай» баразны. Асобным клубням, якія разам са спеласцю набылі нетрывіяльны габарыт, стала ў сфарміраваным профілі бульбяных радкоў цесна. І яны выставілі свае ўжо зялёныя часткі бакоў на паверхню. Як патлумачылі занятыя на ўборцы работнікі, з поля ўвесь ураджай клубняплодаў адпраўляецца на сартавальны пункт. Там адбываецца адбор: лепшыя экзэмпляры – харчовы і, магчыма, нават экспартны варыянт. Сярэдняя па памерах, здаровая і без механічных пашкоджанняў бульба закладваецца як насенны на будучы год матэрыял. Усё ж астатняе, як правіла, становіцца матэрыялам кармавым.
Каб запоўніць прыкладна чатырохкубовы бункер уборачнага камбайна, трактару дастаткова зрабіць адзін рабочы круг па полі – туды-сюды. Пры тым, што адлегласць у адзін бок не здаецца асабліва працяглай. І гэта яшчэ адно пацвярджэнне шчодрасці размешчанай у ваколіцах Грушаўкі бульбяной «нівы» СВК «Ляхавіцкі».
– На добрым, чыстым, як вось тут, ад пустазелля полі і, канешне ж, калі не здараецца адказаў у рабоце тэхнікі, за дзень можа ўбраць і тры гектары. Па трактары пытанняў узнікнуць не павінна – амаль што новы, каля двух гадоў яму. Затое бульбакамбайну прыкладна паўтара дзясятка, – растлумачыў тэхнічна-палявую сітуацыю механізатар на ўборцы клубняў Віктар Брэчка.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.