Мірныя дзеці. У Ляхавічах прайшла акцыя «Дзіця міру»

Цёпла і душэўна было на сустрэчы, якая адбылася ў Ляхавічах 21 верасня – у Дзень міру. Яе ініцыявалі раённая арганізацыя Беларускага фонда міру і аддзел загса райвыканкама. За круглым сталом сабраліся пяць дзяўчынак, якія ў розныя гады нарадзіліся на Ляхавіччыне менавіта ў гэты цудоўны вераснёўскі дзень. Усе яны маюць ганаровы статус «Дзіця міру».

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Малодшай – Еве Сокал – два гады, Анастасіі Брэчка – дзевяць, Агаце Завадскай – восем, Марыі Ніканчук – 11 гадоў, Марыі Шкут – 15.
Сярод запрошаных на акцыю «Дзіця міру» і бацькі імяніннікаў, а таксама навучэнцы Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча, якая мае статус «Школа міру».
Кіраўнік раённай арганізацыі Фонда міру Ларыса Юшкевіч шчыра павіншавала імянінніц з днём нараджэння, пажадала ім з задавальненнем выконваць асаблівую місію – несці мір і сяброўства.
21 верасня адзначаюць яшчэ і Ражджаство Прасвятой Багародзіцы. Да дзяўчынак з сардэчнымі пажаданнямі звярнуўся айцец Іаан, настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Дарэчы, Іаан Ніканчук – бацька 11-гадовай Марыі, якая таксама нарадзілася ў такі мірны дзень.
Начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік расказала прысутным пра традыцыі выбару імёнаў і іх значэнне ў лёсе чалавека, пра першы дзіцячы дакумент – пасведчанне аб нараджэнні,
якое ўручаецца бацькам.
На мерапрыемстве ішла размова і пра каштоўнасць міру, сям’і, узаемаразумення і дружбы.
Ад раённай арганізацыі Фонда міру кожная з імянінніц атрымала падарункі, а ўручылі іх дзяўчынкі са «Школы міру».
– Акцыя «Дзіця міру» – прыгожая традыцыя, якая праводзіцца ў нашым раёне не першы год. Гэта і прапаганда сямейных каштоўнасцяў, і выхаванне падрастаючага пакалення, і падкрэсліванне асаблівай ролі маці. Мець статус міратворцы – ганарова і адказна, – адзначае старшыня раённай арганізацыі Ларыса Юшкевіч.
Дзевяцікласніца СШ № 2 Марыя Шкут – адна з «дзяцей міру» – дзеліцца, што ёй пашанцавала нарадзіцца менавіта 21 верасня:
– Гэта дзень, калі адзначаю трайное свята. Верагодна, такое супадзенне мае нейкую сімвалічнасць і паўплывала на мае інтарэсы і здольнасці. Люблю вучыцца, і школьная навука ў мяне не выклікае цяжкасцяў. А яшчэ мне вельмі падабаецца маё імя. Лічу, што яно мне вельмі падыходзіць, ды і мае розныя варыянты.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.