«Рыцарскі прывал» у Грушаўцы. У Ляхавіцкім раёне сустрэча з удзельнікамі клуба гістарычнай рэканструкцыі Narrenturm
Цэнтр культуры «Грушаўка» раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы працуе каля двух месяцаў. Але паспеў ужо адзначыцца шэрагам праведзеных на яго палях адметных сустрэч музычна-культурнага накірунку. І не толькі.

Для прыкладу можна ўзгадаць жнівеньскі фальклорны фестываль «З крыніц спрадвечных» – дастаткова даўняе для Ляхавіцкага раёна і традыцыйнае для вёскі Грушаўка мерапрыемства было адным з дэбютных для новага цэнтра. Ці конкурс бардаўскай песні, які прайшоў у акустыцы старых муроў і пад дахамі векавых дрэў каля двух тыдняў назад. І вось мінулы аўторак, і новая падзея-арыгінальнасць: грушаўская паляна стала месцам «рыцарскага прывалу».
Пад такой назвай тут адбылася сустрэча з удзельнікамі клуба гістарычнай рэканструкцыі Narrenturm – аматарскага аб’яднання, дзейнасць якога ажыццяўляецца пры Ураджайнінскім сельскім Доме культуры.

Гасцямі, гледачамі, а, па сутнасці, саўдзельнікамі сучасных рыцараў на прывале сталі першакурснікі Ляхавіцкага аграрнага каледжа. Для іх вучоба ў каледжы толькі-толькі пачынаецца. Як і для абсалютнай большасці гэтых юнакоў і дзяўчат пачынаюць адкрывацца Ляхавічы і Ляхавіцкі раён – іх традыцыі, магчымасці, адметныя месцы, даты і звязаныя з імі гістарычныя моманты і падзеі. І лепш, калі паглыбленне ў мінулае мясцовасці адбываецца непасрэдна на мясцовасці. Засвойваецца лепш, застаецца ў таямніцах памяці надоўга.
Ураджайнінскія рэканструктары разбілі сваю палявую стаянку з мэтай адлюстраваць рыцарскія паходныя рэаліі позняга сярэднявечча – IV стагоддзя. За ядро рыцарскай паляны, мабыць, варта прыняць так званы саксонскі палявы шацёр, які па форме ўпаўне сабе адпавядае паняццю цяперашняй турыстычнай палаткі. Унутры імправізаваныя канструкцыі для «рыцарскага» адпачынку, а побач з шатром і ён сам у выглядзе закаванай у сталь даспехаў драўлянай канструкцыі-мадэлі. Як растлумачыў пазней адзін з удзельнікаў клуба, гарадскі апалчэнец таго часу насіў на сабе да 25 кілаграмаў даспехаў.
Рыцарскія крагі, стальныя шлемы, баявыя мячы таксама дэманстраваліся асобна: дазвалялася браць у рукі, ладзіць да сябе, на асабістым прыкладзе ўваходзіць у вобраз сярэдневяковага рыцара. І, узброіўшыся баявым мячом, выйсці пераможцам у паядынку з паветрам. Усё гэта фатаграфавалася, атрымлівала актыўна-дасціпны сяброўскі каментарый, балельшчыцкую падтрымку.
Пасля розыгрышу членамі аб’яднання Narrenturm фрагмента бою па лякалах сярэдневяковага рыцарства фестываль перайшоў на этап маладзецкіх забаў. Напрыклад, прапаноўвалася кінуць кавалак бервяна на дальнасць.
– Сіла ў гэтай справе, канешне ж, неабходна, але куды важней тэхніка выканання практыкавання, – прагучаў у нейкі з момантаў балельшчыцкі каментарый. А ў адказ рэзоннае: – Дык выйдзі і пакажы!
Былі таксама бліц-спаборніцтвы па перацягванні вяроўкі ў ролі каната, экскурсія па аб’ектах ЦК «Грушаўка», майстар-клас па выцінанцы ад умеліцы з Начаўскага СДК. Апладысментамі, а ў асобныя моманты і з элементамі падтанцоўкі суправаджалі каляджане-першакурснікі кожны нумар выступлення вакальнага ансамбля «Жытніца» з Ураджайнінскага СДК.
А ўвесь гэты час на палявым вогнішчы ў казане «млела» сачавіца. Смачнай ці вельмі смачнай атрымалася каша – не сутнасць. Галоўнае, што пасля рыцарскіх забаў высокабялковы бабовы прадукт з’яўляецца вельмі дарэчы – гарманізуе энергетычны баланс, аднаўляе фізічную
сілу.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.






