Фільм, які варта ўбачыцьь. Ляхавічане дзеляцца ўражаннямі пра фільм
Гэтымі днямі на экранах усіх кінатэатраў Беларусі дэманструецца новая кінастужка «Беларусьфільма» «На другім беразе». Ажыятаж вакол прэм’еры, у якой адлюстраваны падзеі сярэдзіны дваццатых гадоў мінулага стагоддзя на тэрыторыі сучаснай Беларусі, не спадае. Фільм выклікае розныя эмоцыі ў гледачоў, людзі выказваюць свае думкі, дзеляцца ўражаннямі, абмярковаюць сюжэт. Нашы землякі не выключэнне
Наталля МАЦКЕВІЧ, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама:
– Чакала прэм’еру фільма «На другім беразе», таму ўважліва глядзела гэта кіно. Яно не можа пакінуць абыякавым! Адчуванні дваістыя. Гэта і крыўда, перажыванне за нашых продкаў, якім давялося столькі гора, бяды, зняваг перанесці з таго моманту, як частку беларускіх земляў па Рыжскім дагаворы перадалі Польшчы, дзе беларусаў не лічылі за людзей, дзе імкнуліся знішчыць усё беларускае. Але не ўсе скарыліся, многія стараліся па-рознаму супрацьстаяць – за іх нязломную волю адчуваю гонар. І гэтыя моманты асабліва моцна перададзены ў фільме. Ганаруся, што жыву ў прыгожай, моцнай, міралюбівай краіне.
І ўсведамляю, як гэта важна заставацца незалежнымі і жыць на сваёй зямлі.
Вячаслаў НОВІК, старшыня Начаўскага сельвыканкама:
– З інтарэсам паглядзеў фільм. Адназначна, мне ён спадабаўся. Сюжэт трымаў у напружанні на працягу ўсяго сеанса. Якія ўсё ж пакуты выпалі на лёс нашых продкаў, якім давялося жыць пад прыгнётам панскай Польшчы. Крыўдна за родную мову, якая была пад забаронай у Заходняй Беларусі. Некалі знаёмы ўспамінаў, што яго бацька, які вучыўся ў польскай школе, расказваў: дзяцей прымушалі вучыць вершы на польскай мове, калі ў іх не атрымлівалася, за гэта білі.
Лічу, што гэту кінастужку абавязкова павінна пагля-
дзець моладзь, каб зразумець, наколькі важна берагчы тое, што ў нас ёсць, – суверэнную краіну. І што адзінства – гэта не проста высокія словы, а тое, што сапраўды робіць Беларусь моцнай і незалежнай.
Фільм – выдатны сродак патрыятычнага выхавання, а яшчэ вучыць суперажываць лёсам іншых людзей. Раю паглядзець яго ўсім.
Запісала Галіна КАНЬКО.