Не згубіў, а забыў. Што рабіць, калі знайшоў кімсьці згубленае і пакінутае

Нярэдка здараецца, што грамадзяне знаходзяць кімсьці згубленае і пакінутае. Што трэба рабіць у такой сітуацыі, каб не стаць фігурантам разбіральніцтва праваахоўных органаў?

Адказвае намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Ісаханаў:
– Практычна штодзень у Ляхавіцкі РАУС паступаюць паведамленні пра тое, што хтосьці згубіў мабільны тэлефон, дакументы, кашалёк, банкаўскую картку і г. д. Каб не стаць фігурантам крымінальнай справы ці асобай, у адносінах якой вядзецца адміністрацыйны працэс, варта ведаць і разумець, что закон абавязвае таго, хто знайшоў згубленую рэч, неадкладна паведаміць пра гэта асобе, якая іх згубіла, або ўласніку рэчы, або каму-небудзь іншаму, хто мае права атрымаць яе, і вярнуць рэч. Калі рэч знойдзена ў памяшканні або ў транспарце, яе трэба здаць асобе, якая прадстаўляе ўладальніка гэтага памяшкання або транспартнага сродку. Калі асоба, якая згубіла рэч, невядомая і нельга яе адшукаць, знаходкі перадаюцца ў РАУС або орган мясцовага кіравання і самакіравання. Такія патрабаванні прадугледжаны часткамі 1, 2 артыкула 228 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Каб вызначыць, ці з’яўляецца рэч згубленай, трэба адштурхоўвацца ад акалічнасцяў яе знаходжання. Так, калі рэч знойдзена на зямлі (у парку, у лясным масіве і г. д.), гэта сведчыць, што маёмасць страчана. Прысваенне маёмасці, што выбыла з валодання ўласніка з прычыны страты, не ўтварае крадзяжу, а з’яўляецца прысваеннем знойдзенага. Пры такіх акалічнасцях і невыкананні асобай, што знайшла рэч, вышэйзгаданых патрабаванняў, адказнасць наступае па артыкуле 11.4 КоАП Рэспублікі Беларусь або артыкуле 215 КК Рэспублікі Беларусь (калі прысвоена маёмасць у асабліва буйным памеры, гэта значыць кошт у тысячу і больш разоў перавышае памер базавай велічыні).
Забытая (часова пакінутая без нагляду) маёмасць таксама пакідаецца ўласнікам апроч сваёй волі, аднак такая маёмасць не выбывае з яго фактычнага валодання, бо ўласнік ведае пра яе месцазнаходжанне і ў любы момант можа вярнуцца за такой маёмасцю. Так, факт выяўлення кашалька на прылаўку, мабільнага тэлефона на стале ў кафэ, пакета з рэчамі на лаўцы ў двары жылога дома, курткі ў фае паліклінікі, сумкі ў прымерачнай кабіне магазіна і г. д.
яскрава паказвае пра тое, што рэчы забыты ўласнікам, і ён можа за імі вярнуцца. У такіх сітуацыях дзеянні вінаватых па прысваенні маёмасці пры наяўнасці ўсіх прыкмет утвараюць састаў злачынства, прадугледжаны артыкулам 205 КК (крадзеж).