Імунітэт скажа дзякуй. У Ляхавіцкім раёне пачалася прышчэпачная кампанія супраць грыпу
У Ляхавіцкім раёне пачалася прышчэпачная кампанія супраць грыпу. Каб стварыць калектыўны імунітэт, сёлета плануецца вакцынаваць 40 працэнтаў насельніцтва
Імунапрафілактыка – важны складнік клопату пра жыццё і здароўе.
На гэтым акцэнтуе ўвагу загадчык аддзялення ўрача агульнай практыкі паліклінікі УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Яўгеній Мудрагелаў, які заклікае дапамагчы імунітэту – вакцынавацца. І такім чынам абараніцца ад грыпу, кавіда і іншых вірусных інфекцый.
– Нават калі прышчэплены чалавек падхопіць грып, захворванне не будзе працякаць у цяжкай форме, адпаведна, не будуць развівацца ўскладненні, пацыент менш часу правядзе на бальнічным. Ёсць
і эканамічны бок справы: вакцынацыя абыходзіцца танней, чым лячэнне, – гаворыць Яўгеній Мудрагелаў.
Медыкі адзначаюць, што адзіным абсалютным супрацьпаказаннем да вакцынацыі з’яўляецца цяжкая алергічная рэакцыя на папярэднюю дозу прышчэпкі. У першую чаргу, прышчапіцца неабходна найбольш уразлівым грамадзянам: дзецям ва ўзросце ад шасці месяцаў, дарослым з хранічнымі захворваннямі, цяжарным. Асабліва неабходна вакцынацыя медыкам, педагогам, супрацоўнікам арганізацый, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва і стаяць на варце правапарадку і законнасці, а таксама работнікам сферы абслугоўвання, гандлю, грамадскага харчавання, транспарту і іншым, хто мае зносіны з вялікай колькасцю людзей.
Медсястра кабінета імунапра-філактыкі паліклінікі Кацярына Нікалаевіч расказала, што зараз у наяўнасці расійская «Вакцына для прафілактыкі грыпу». Прайсці вакцынацыю можна ў прышчэпачным кабінеце паліклінікі з кастрычніка да канца лістапада.
– На працягу двух-трох тыдняў пасля вакцынацыі фарміруецца абаронны ўзровень антыцелаў супраць вірусаў грыпу. Аптымальная абарона захоўваецца на працягу трох-шасці месяцаў пасля атрымання прышчэпкі, – гаворыць Яўгеній Мудрагелаў.
Загадчык паліклінікі Анатолій Панько нагадвае:
– Як і ў папярэднія гады, на прадпрыемствах і ва ўстановах будзе арганізавана работа выязных медыцынскіх груп, якія будуць праводзіць вакцынацыю. Прычым можна ў адзін дзень атрымаць вакцыну супраць грыпу і каранавіруса.
Парады ад урача Яўгенія Мудрагелава:
– Пасля вакцынацыі тэмпература цела ў некаторых можа павышацца – гэта нармальна, бо ў арганізм уводзіцца антыген. На працягу трох-чатырох дзён пасля атрымання прышчэпкі не варта перанапружвацца, лепш выключыць заняткі ў спартзале, не хадзіць у лазню. І па-ранейшаму актуальнымі застаюцца простыя меры прафілактыкі: захаванне рэспіраторнага этыкету, сацыяльнай дыстанцыі, правільнае вітамінізаванае харчаванне, прагулкі на свежым паветры,
рэжым сну і адпачынку і іншае.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.