Прафсаюзная адзнака завадчанам. Багатай на ўзнагароды стала мінулая серада для работнікаў ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод»
Багатай на ўзнагароды стала мінулая серада для работнікаў ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». Заслужанае ўшанаванне атрымалі адны з лепшых завадчан, тыя, хто сваёй добрасумленнай працай прымнажае вытворчыя дасягненні, шчыруе на прэстыж прадпрыемства, прадукцыя якога карыстаецца папулярнасцю не толькі ў Беларусі, але і за межамі нашай краіны.
З узнагародамі, віншаваннямі, падарункамі і падзякай за вернасць прафесіі на прадпрыемства прыехаў старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілій Хвацік. У сустрэчы прыняў удзел старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз.
Васілій Хвацік адзначыў, што Ляхавіцкі кансервавы завод – адно з лепшых прадпрыемстваў перапрацоўчай галіны краіны, яго прадукцыя запатрабавана ў спажыўцоў дзякуючы добрай якасці і прымальнаму кошту. Прафсаюзны лідар АПК спыніўся на сёлетніх дасягненнях у сельгасвытворчасці краіны. Нагадаў пра тое, што, нягледзячы на санкцыі, экспарт перапрацоўчых прадпрыемстваў павялічваецца, і зараз беларускую малочную і мясную прадукцыю чакаюць у 116 краінах свету. Акрамя таго, Васілій Хвацік расказаў пра дзейнасць прафсаюза работнікаў АПК, у складзе якога больш за 600 тысяч чалавек. Старшыня рэспубліканскага камітэта не абышоў увагай надыходзячую справаздачна-выбарную кампанію ў прафсаюзах, расказаў пра кансультатыўную дапамогу, якую аказваюць прававыя інспектары працы, пра новаўвядзенні Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Былі акрэслены і іншыя тэмы.
А далей – россып узнагарод. Нагрудны знак «За заслугі» Беларускага прафсаюза работнікаў АПК уручаны дырэктару прадпрыемства Аляксандру Вашчуку. Сумесная Падзяка Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і рэспубліканскага прафсаюза работнікаў АПК адрасавана галоўнаму інжынеру завода Сяргею Туціну, інспектару па кадрах Наталлі Шахмуць, вадзіцелю аўтамабіля Юрыю Трафімчуку, вадзіцелю пагрузчыка Віктару Прыхачу.
Каштоўныя падарункі ад галіновага прафсаюза за шматгадовую добра-
сумленную працу, адказнасць і надзейнасць атрымалі прафесіяналы сваёй справы – токар Іван Трыбухоўскі, бухгалтар Тамара Крот, апаратчык стэрылізацыі кансерваў Таццяна Яраш, укладчык-заліўшчык Вікторыя Якубовіч, вартаўнік Сяргей Дземідовіч.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.