«ВІНС-акорд» і ўсе-ўсе Народную арт-групу «ВІНС-акорд» гарадскога Дома культуры ведаюць не толькі на прасторах Ляхавіччыны
Народную арт-групу «ВІНС-акорд» гарадскога Дома культуры ведаюць не толькі на прасторах Ляхавіччыны. Яна жаданы госць і ўдзельнік шматлікіх канцэртных пляцовак, фестываляў і конкурсаў.
Столін, Маладзечна, Клецкі раён, Баранавічы, Брэст і іншыя мясціны – гэта з нядаўніх творчых маршрутаў. Прычым арт-групе аднолькава цікава выступаць як на вялікай, так і не вельмі сцэне. Галоўнае для іх – падтрымка гледачоў.
Праз некалькі месяцаў «ВІНС-акорд» адзначыць дзесяцігоддзе плённай творчай працы. Плён, дарэчы, пацвярджае і занясенне калектыву на раённую Галерэю славы па выніках мінулага года. А сёння, напярэдадні Дня работнікаў культуры, «ЛВ» узгадвае першыя крокі «ВІНС-акорда» і гісторыю з’яўлення на музычным небасхіле.
– Дзесяць гадоў назад мы выйшлі з хору настаўнікаў і па прапанове кіраўніцтва ГДК стварылі свой невялікі калектыў. Пасадзейнічаў у прыняцці станоўчага рашэння тады дырэктар школы мастацтваў Уладзімір Канстанцінавіч Крук. Назваць вырашылі па першых літарах імёнаў удзельніц групы: Валянціны Піваш, Ірыны Тулейка, Наталлі Лук’янчык і Святланы Сталярчук. Так у назве вакальнага квартэта быў зроблены і музычны акцэнт, і занатаваны яго ўдзельнікі, – дзеліц-
ца мастацкі кіраўнік арт-групы «ВІНС-акорд» Ірына Тулейка. Дарэчы, яна адзіная з калектыву, хто прафесійна займаецца музыкай – працуе намеснікам дырэктара Ляхавіцкай ДШМ. Сярод удзельнікаў групы – прадстаўнік сельскай гаспадаркі, бібліятэкар, педагог, дзяржслужачы.
Некалькі гадоў назад пасля паспяховага супрацоўніцтва калектыў папоўніла сям’я Цямчыкаў – Андрэй і Надзея. А Валянціна Піваш сёлета па ўласным жаданні са статусу ўдзельнікаў арт-групы перайшла ў яе самыя адданыя аматары.
Прыгожа, чыста і душэўна – такую ацэнку даюць выступленням арт-групы яе гледачы, якія шчыра апладзіруюць артыстам. Народную арт-групу вызначае любоў да шматгалосных спеваў, а аўтарам аранжы-
ровак да песняў з’яўляецца Ірына Тулейка, якая заўжды ўлічвае вакальныя асаблівасці сваіх калег. Ад таго музычныя нумары і
пакараюць сэрцы не толькі землякоў.
Рэпертуар у «ВІНС-акорда» разнапланавы, а песні глыбокія па тэксце і цікавыя па музычным матэрыяле. Такая і песня «Сонца каласы» (музыка і словы Пятра Ялфімава), на якую запісалі кліп. Новы вопыт арт-групы быў ацэнены Гран-пры міжнароднага конкурсу-фестывалю мастацтваў «На алімпе». У важкім букеце ўзнагарод для артыстаў на асобным месцы – званне лаўрэатаў першай прэміі XXV Рэспуб-
ліканскага тэлевізійнага конкурсу армейскай песні «Зорка» ў намінацыі «выканаўцы армейскай песні», якое ім прынесла песня «Апошні палёт» (музыку да яе напісаў наш зямляк Сяргей Купчынскі).
– «ВІНС-акорд» для нас – любімае хобі, сяброўства і сям’я. Нам разам цікава працаваць, адпачываць і падарожнічаць, – у адзін голас сцвярджае калектыў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.