«Песта» – гэта модна і смачна. А вы паспрабавалі соус-пасту «Песта» ААТ «Ляхавіцкага кансервавага завода»?
Неаднойчы даводзілася чуць захопленыя водгукі пра прадукцыю Ляхавіцкага кансервавага завода. Адзін з хітоў ад мясцовых перапрацоўшчыкаў – соус-паста «Песта».
Падчас выставы-продажу, якая разгарнулася ў Баранавічах на абласным свяце, прымеркаваным да Дня народнага адзінства, гэтую навінку ад Ляхавіцкага кансервавага раскупілі так хутка, што давялося прывозіць яшчэ адну партыю соусу. Гурманаў і проста жадаючых пакаштаваць песта не спыняе не надта танны кошт: за слоічак ёмістасцю 0,18 літра давядзецца заплаціць каля
11 рублёў. Купляюць і раяць яго пакаштаваць сваім знаёмым і блізкім. У чым жа сакрэт? Як гаворыцца, лепш адзін раз пакаштаваць, чым сто разоў пачуць кампліменты ў адрас прадукту. Схадзіла ў «Заводскі» –
фірменны магазін ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» – і купіла разрэкламаваны тавар. Соус песта спадабаўся і, у першую чаргу, таму што адзін з інгрэдыентаў – базілік. Ды і ўвогуле састаў прадстаўлены натуральнымі прадуктамі: алей аліўкавы, арэхі кеш’ю ці кедровыя, соль, спецыі і сыры цвёрдых гатункаў (у прыватнасці, пармезан).
– Ідэя выпускаць соус песта належыць супрацоўнікам канцэрна «Брэстмясамалпрам». Прапанову разглядзелі, распрацавалі рэцэптуру і з пачатку бягучага года пачалі выпускаць такі від кансерваў. Прыемна, што папулярнасць не толькі песта, але іншых нашых навінак (напрыклад, соусу-прыправы агурковай з гарчыцай «па-фінску», марынаванага вострага перцу, фруктовых соусаў да мяса, агуркоў і памідораў у вакуумнай упакоўцы) устой-лівая, а пакупніцкі попыт на іх расце. Таму стараемся задаволіць такі інтарэс. Але пры гэтым не забываем і пра традыцыйныя віды плодаагароднінных кансерваў, якія маюць свайго пакупніка і спажыўца, – адзначае дырэктар ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» Аляксандр Вашчук.
Вернемся да песта. У асноўным менавіта пад гэты соус на палетках падсобнай заводскай гаспадаркі сёлета пачалі вырошчваць зялёны базілік. За сезон зрэзана каля 300 кілаграмаў базіліка – ураджай добры. Разам з іншымі інгрэдыентамі гэта расліна ўвайшла ў склад соусу, які ў колькасці 8 000 слоікаў (кожны ёмістасцю 180 мілілітраў) адправіўся ў гандлёвыя кропкі па ўсёй краіне, у тым ліку ў такія буйныя сеткі, як «Карона», «Сталіца» і іншыя.
Дзіву даешся, наколькі багатая фантазія ў ляхавіцкіх завадчан. Толькі робяць першыя крокі да спажыўца зялёная і белая кансерваваная спаржа (цэлая і кавалкамі), а ў чарзе на паліцы магазінаў пікулі,
кансерваваныя агуркі, парэ-заныя на слайсы, якія можна выкарыстоўваць для бургераў, бутэрбродаў, у салаты. І гэта далёка не поўны пералік смачных кансерваваных абновак з агародніны сёлета.
Галіна КАНЬКО.