Школа міру і добрых спраў. Каманда Жарабковіцкай школы Ляхавіцкага раёна стала пераможцай абласнога этапу конкурсу
Больш за сотню ўдзельнікаў, незабыўныя два дні, мноства станоўчых эмоцый, цудоўныя знаёмствы і сустрэчы – такім стаў першы абласны злёт школ міру. Адбылося мерапрыемства 12-13 кастрычніка ў Кобрынскім раёне. Удзел у злёце ўзяла Жарабковіцкая СШ імя М. Г. Мінкевіча, якая летась першай (і на сёння адзінай) на Ляхавіччыне была ўдастоена статусу «Школа міру».
Атрад міратворцаў складзены з навучэнцаў 9-х і 11-х класаў – Дар’і Сокал, Караліны Несцяровіч, Вадзіма Падрэза, Анастасіі Каляды, Паліны Пазяйчук, Ксеніі Шастак, Вікторыі Бурак.
Прадстаўнікі 15 устаноў адукацыі Брэстчыны, якія носяць званне «Школа міру», сустрэліся, каб расказаць пра сябе, падзяліцца вопытам рэалізацыі міратворчай дзейнасці, знайсці новых сяброў, аднадумцаў, з карысцю правесці вольны час.
– Сімвалічна, што першы злёт адбыўся ў Год міру і стварэння. Даволі насычанай была праграма. Пад уражаннем засталіся і нашы рабяты ад патрыятычнага мітынгу «Мы гэтай памяці верныя». Вельмі цікава прайшлі знаёмства са знакамітымі мясцінамі Кобрына і наведванне музея імя А. В. Суворава. Хвалюючымі сталі імгненні адкрыцця злёту, калі разгарнулі Палотнішча Міру, пашытае з фрагментаў блакітнай тканіны, прывезеных кожнай «Школай міру», яны сімвалізуюць адзінства і непарушнасць дружбы і яднання. Уразіла канцэртная праграма «Голас міру». Многа новага рабяты даведаліся на інфармацыйных пляцоўках, прадстаўленых супрацоўнікамі МНС, Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, МУС, – адзначае намеснік дырэктара Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча Вольга Камейша.
Каманда Жарабковіцкай школы стала пераможцай абласнога этапу конкурсу «Лепшы міратворчы праект «Школы міру». Навучэнкі школы Дар’я Сокал і Караліна Несцяровіч прадставілі на суд журы праект, распрацаваны настаўнікам Дар’яй Праневіч. Таксама ў пад-
рыхтоўцы атрада міратворцаў дапамагалі педагогі школы Алена Шэшка і Алена Лахманкова.
– Мы паказалі асноўныя накірункі работы нашай «Школы міру». А яны даволі разнастайныя. Рабяты разам з настаўнікамі ўдзельнічаюць у акцыях па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні месцаў пахавання ахвяр Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны. Нямала мерапрыемстваў арганізавана па тэме генацыду беларускага народа. Шэраг сустрэч абагульніла назва «Помнім імёны землякоў». Экалагічны накірунак таксама ў полі дзейнасці міратвор-
цаў. Так, трэці год запар школа ўдзельнічае ў акцыі «Новае жыццё ў абмен на крышачкі».
Жарабковіцкія школьнікі сталі ўдзельнікамі студатрадаўскага руху «Зімовы маршрут», мэта якога – дапамога пажылым землякам. Нашы навучэнцы ўдзельнічаюць у дабрачынных акцыях, марафонах і кірмашах дабра. Усе гэтыя накірункі былі раскрыты на прэзентацыі, – расказвае пра праект Вольга Камейша.
Галіна КАНЬКО.