Бацькавы ўрокі. 21 кастрычніка ў Беларусі адзначаюць Дзень бацькі

Ляхавічаніна Мікалая Бурбуця – галоўнага спецыяліста ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама – калегі ведаюць як адказнага і кампетэнтнага спецыяліста, які курыруе пытанні аховы працы. Сябры ж і знаёмыя даюць яму характарыстыку клапатлівага і любячага бацькі, які, па іх назіранні, дзеля сваіх сыноў здольны на многае.

Максім і Аляксандр Бурбуці ведаюць, што да таты яны могуць звярнуцца з любой праблемай: дапаможа зрабіць дамашняе заданне, справіцца з любой бытавой няспраўнасцю, разруліць канфлікт, растлумачыць, які грыб ядомы, а які не… Разам яны любяць хадзіць па грыбы, адпраўляюцца на прагулку ў лес на веласіпедах, а зімой на машыне. А яшчэ ўсе разам з жаданнем ездзяць да бабулі ў Савейкі.
Бацькам Мікалай Бурбуць стаў у 34 гады і для сябе вырашыў, што навучыць сына ўсяму, што ўмее сам. Сёння васемнаццацігадовы Максім – другакурснік БНТУ і, як і бацька, будзе інжынерам, толькі іншай спецыяльнасці – «электрычны і аўтаномны транспарт».
У сям’і Бурбуцёў не дзеляць бацькоўскія ролі – мама Святлана з павагай ставіцца да татавых урокаў жыцця.
Мікалай з братам займаюцца пчалярствам, у сямейнай справе актыўнічае і старэйшы Максім. У яго нямала абавязкаў, сярод якіх дастаўка «магазінаў», падрыхтоўка рамак і г. д. дзевяцігадовы Саша – першы памочнік у сельскагаспадарчых клопатах. Зробіць так, што і правяраць не трэба. Саша марыць быць такім, як бацька.
– Лічу, што бацькоўскае слова будзе важкім для дзяцей тады, калі
яно будзе гучаць як падказка ці жыццёвы ўрок, а не абавязак. У нейкія моманты з сынамі знаходжуся на роўных – і гэта выклікае непаўторнае адчуванне радасці і ўпэўненасці, што разумеем адзін аднаго, – дзеліцца бацька двух сыноў і сваім прыкладам паказвае, якім павінен быць тата.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва сям’і Бурбуцёў.