80! Раёнка: ёсць што ўспомніць. Мара, якая спраўдзілася

Праца ў ляхавіцкай раёнцы – мая, здавалася б, недасягальная, але ўсё ж мара, якая спраўдзілася. Яшчэ ў дзяцінстве раніцай прачыналася пад гукі раённага радыё. І колькі помню, наша сям’я сярод розных газет і часопісаў абавязкова выпісвала «Будаўнік камунізму». На палітінфармацыю ў школу прыносіла выразкі з раённай газеты, дзе публікаваліся не толькі навіны Ляхавіччыны, але расказвалася пра падзеі ў СССР і ў замежжы. Заўжды была ўпэўнена, што газету робяць вельмі творчыя, таленавітыя і цікавыя людзі.

Помню, як радавалася, калі ўпершыню ўбачыла свой фотаздымак на старонцы «Будаўніка камунізму» ў 1982 годзе ў фотарэпартажы з піянерскага злёту – гэты нумар раёнкі і цяпер беражліва захоўваецца ў сямейным альбоме. Пры-
знаюся, марыла, што калі-небудзь хоць невялікая, у некалькі радкоў, заметка за подпісам Галіна Ланкуць з’явіцца на старонках любімай газеты. І сапраўды, калі нечага вельмі-вельмі хацець, яно абавязкова спраўдзіцца.
І вось у 2002 годзе для мяне пачалася працоўная гісторыя, звязаная з раёнкай. Атрымала прапанову быць аўтарам і вядучай праграмы «Ляхавіцкае раённае радыё» і вырашыла паспрабаваць – гэта быў першы крок да мары. Вельмі хвалявалася! І, напэўна, каб не падтрымка, дапамога, такія слушныя парады галоўнага рэдактара Іосіфа Цімафеевіча Карпызы, наўрад ці ўсё атрымалася б з першай спробы. Потым кожная перадача – гэта чарговы вопыт,
знаёмствы з землякамі, з тым, чым жыве мая малая радзіма. Хваляванне перад запісам перадачы яшчэ доўга было пастаянным спадарожнікам. І сёння ўсё яшчэ з настальгіяй і лёгкім сумам успамінаю перадачы раённага радыё.
З цягам часу стала не толькі радыйшчыкам, але і карэспандэнтам «ЛВ», з’явіліся першыя артыкулы, інтэрв’ю ў газеце, а з імі пачаўся новы журналісцкі этап, на якім сустрэла многа цудоўных землякоў. А колькі новага пра развіццё сельскай гаспадаркі і прамысловасці даведалася! Заўжды асабліва шчымліва пісаць пра людзей, іх лёсы і працоўныя дасягненні. Бязмежна ўдзячна за прафесійнае станаўленне, пастаянную творчую атмасферу, якая панавала ў рэдакцыі ўсе гады сумеснай працы – літаральна ўсім, з кім звёў лёс падчас работы ў «Ляхавіцкім весніку».
Жадаю любімай раёнцы яшчэ больш адданых падпісчыкаў, у тым ліку і новых, творчых перамог, вялікіх тыражоў і працоўных здзяйсненняў. А любімым чытачам зычу заўжды заставацца з «Ляхавіцкім веснікам».
Галіна КАНЬКО,
загадчык аддзела радыёінфармацыі і навін.