80! Раёнка: ёсць што ўспомніць. У кожнага з нас свой «Ляхавіцкі веснік»!

Віншую цябе, родны, любімы, паважаны і ўсе словы з прыстаўкай самы- самы… «Ляхавіцкі веснік»! Чаму калонка рэдактара тут? Усё проста. Па тваёй жа «веснікаўскай» традыцыі – на гэтай паласе віншую самых дарагіх людзей! Для мяне раёнка – школа, дзе рабіла першыя няўпэўненыя крокі ў журналістыку. А яшчэ сям’я, дзе ведаю, што маю падтрымку. Гэта людзі, пра якіх дакладна магу сказаць: родныя па стане душы. Цяпер жа «Веснік» – гэта жыццё, гэта лепшыя гады маладосці, якія я рада падарыць працы ў газеце.


У дзень нараджэння прынята віншаваць і жадаць самага важнага. Я вельмі зычу, «Ляхавіцкі веснік», і далей быць чаканым сябрам па многіх ляхавіцкіх адрасах і не толькі. Давер чытачоў – гэта самае каштоўнае, што ёсць у выдання. Вельмі хачу, каб праз дзесяцігоддзі гучала, што «Ляхавіцкі веснік» працягвае задаваць трэнды і трымаць марку якасці. Таму, што гэта якасць была закладзена яшчэ ў тым самым 1943 годзе, калі сапраўдныя патрыёты ўзялі за аснову аб’ектыўнасць, служэнне Радзіме, вернасць журналісцкаму слову і ў самых складаных ваенных умовах стварылі «Совецкі патрыёт». І з таго дня, як бы ні выпрабоўваў лёс спачатку «Совецкі патрыёт», пасля «Будаўнік камунізму» і «Ляхавіцкі веснік», газета выходзіла ў час і несла самую важную інфармацыю ў масы. Таму сёння ў супрацоўнікаў рэдакцыі важная і адказная місія – не падвесці тых, хто рабіў раёнку чаканай у кожнай сям’і.
У свой юбілей раёнка мае важкі «залаты» вынік у выглядзе «Ліцер» і мноства дыпломаў. Мы ганарымся, што ў нас столькі інфармацыйных партнёраў, калег у кожнай арганізацыі. Ганарымся сваёй юнай зменай – удзельнікамі праекта «Школьны дзённік».
Ведайце, што кожны радок «веснікаўцаў» – гэта ад сэрца. Мы шчыра імкнёмся не падвесці вас, нашых чытачоў! Таму разам з вамі мы падыходзім да юбілею – восем дзесяцігоддзяў ствараем гісторыю разам!
У Год міру і стварэння жадаю бясконцасці выхаду нумароў і плённых спраў! Няхай «Веснік» заўжды будзе на вышыні!
Дзякуй «ЛВ», за тое, што маё жыццё напоўнена творчасцю.
Галоўны рэдактар Маргарыта Кухта-Маслоўская.