У камсамола – свята! 29 кастрычніка ў ВЛКСМ юбілей: вечна маладому камсамолу спаўняецца 105 гадоў!

На прынцыпах і ідэалах камсамолу выхоўвалася не адно пакаленне юнакоў і дзяўчат. І традыцыі ВЛКСМ сёння ў шматлікіх справах і акцыях пераемнікаў – членаў БРСМ. У пераемнасці пакаленняў – сіла будучыні!

Камсамол не мае ўзросту. 29 кастрычніка ў ВЛКСМ юбілей: вечна маладому камсамолу спаўняецца 105 гадоў!

Ішоў час, мяняліся прыярытэты, у камсамола, Саюза моладзі Беларусі, Беларускага патрыятычнага саюза моладзі з’явіўся пераемнік – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Рашэнне аб стварэнні масавай арганізацыі для юнакоў і дзяўчат было прынята 6 верасня 2002 года на аб’яднальным сходзе. Прадстаўнікі маладога пакалення ХХI стагоддзя – слаўныя прадаўжальнікі карысных і цікавых камсамольскіх спраў, ідэй, задумак.

Што для землякоў камсамол – тэма чарговага апытання «ЛВ».


Наталля МАЦКЕВІЧ, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх пры райвыканкаме:
– Камсамол – частка майго жыцця, напоўненая незабыўнымі падзеямі.
У ВЛКСМ уступіла ў 14 гадоў. Старанна рыхтавалася
да ўступлення, вучыла статут, каб дастойна вытрымаць іспыты. З 1985 па 1987 гады мне было даверана стаць сакратаром вучнёўскай
камсамольскай арганізацыі СШ № 2.
На той час наша школьная пярвічка была самай масавай на Ляхавіччыне. Для мяне гэта быў першы вопыт у якасці кіраўніка, калі неабходна прымаць самастойныя рашэнні не толькі ў дачыненні да сябе. Вельмі важна, што мы, маладыя, адчувалі сваю неабходнасць, значнасць, мелі рэальныя магчымасці ўдзельнічаць у школьным самакіраванні. Дарослыя паважалі меркаванні юнакоў і дзяўчат, падтрымлівалі нашы ініцыятывы. Пасля ўрокаў не беглі дамоў, а збіраліся камсамольскім актывам і абмяркоўвалі пытанні і праблемы, будавалі планы, рыхтавалі розныя мерапрыемствы. Даводзілася займацца і перавыхаваннем равеснікаў, якія не хацелі вучыцца ці вылучаліся дрэннымі паводзінамі.
Без перабольшвання, камсамол даў мне сапраўдную пуцёўку ў дарослае жыццё.

Аляксандр ВАШЧУК,дырэктар ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод»:
– Маю гонар сказаць: прайшоў усе прыступкі дзіцячых і мала-
дзёжных масавых арганізацый, якія існавалі ў часы Савецкага Саюза. Быў акцябронкам, піянерам, камсамольцам.
У савецкі час стаць камсамольцам мог не кожны, а толькі той, хто паспявае ў вучобе, прымерна сябе паводзіць, не парушае дысцыпліну, з’яўляецца актывістам добрых спраў. У камсамсол уступіў, калі вучыўся ў сёмым класе Мураўскай СШ, што ў Драгічынскім раёне. Гэта сапраўды цікавы час – зборы, экскурсіі, паездкі. Калі быў навучэнцам Пружанскага сельскагаспадарчага тэхнікума, мяне абралі камсоргам. Стараўся быць справядлівым, актыўным, каб апраўдаць аказаны давер. Па-добраму настальгірую па піянерскім і камсамольскім жыцці, бо гэта не толькі час юнацтва, мараў, захапленняў, але і дзейсных спраў, якія паказвалі, наколькі вялікая была роля камсамола. Думаю, што ў пераемніка ВЛКСМ – БРСМ – ёсць усе шанцы і магчымасці таксама стаць уплывовай маладзёжнай арганізацыяй. Галоўнае, не стамляцца шукаць і не здавацца перад цяжкасцямі.

Дзіяна БУРАК, інспектар аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, член Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь:
– Для ўсіх, хто быў камсамольцам і застаецца ім у душы, гэта асаблівы дзень. Для многіх пакаленняў камсамол – школа жыцця, патрыятызму, грамадзянскай самасвядомасці, адказнасці за слова і справы. Камсамольскі рух аб’яднаў мільёны юнакоў і дзяўчат, стаў сімвалам эпохі. Гісторыя ВЛКСМ – частка гісторыі народа, справядлівага і працавітага. Мы, сённяшнія пакаленні, прымнажаем слаўныя камсамольскія традыцыі: берагчы мір, незалежнасць роднай краіны і наша адзінства. Гэтыя традыцыі падхапіў пераемнік камсамола – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, членам якога я таксама з’яўляюся. Нам – рабіць нашу любімую Беларусь яшчэ больш квітнеючай, а для гэтага давядзецца шмат і старанна працаваць.

Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.