Каб веласіпед не знік. На тэрыторыі Ляхавіцкага раёна праходзіць комплекс мерапрыемстваў па папярэджанні крадзяжу веласіпедаў
З 20 па 29 кастрычніка на тэрыторыі раёна праходзіць комплекс мерапрыемстваў па папярэджанні крадзяжу веласіпедаў. Праблема гэта актуальная незалежна ад сезона з-за таго, што гаспадары свае двухколавыя пакідаюць у пад’ездзе, падвале, на вуліцы і ў іншых месцах і не прымаюць меры па іх захаванні.
Неаднаразовыя факты крадзяжу веласіпедаў зафіксаваны ў Тухавічах, Свяціцы, Вялікай Лотве і іншых населеных пунктах.
«Пакінулі веласіпед на пяць мінут у полі зроку, і ён знік», – тлумачаць у роспачы гаспадары двухколавых. І такіх прыкладаў нямала.
Супрацоўнікі міліцыі заклікаюць насельніцтва не пакідаць веласіпеды без нагляду. Найлепшым сродкам прафілактыкі велакрадзяжоў з’яўляецца спецыяльны замок. Варта карыстацца тросам, таўшчыня якога складае не менш за шэсць міліметраў. Больш тонкія ланцугі перакусваюцца пасатыжамі, пажадана, каб ланцуг быў доўгім і мог адначасова фіксаваць і колы, і раму.
Таксама рэкамендуецца мець фота свайго транспартнага сродку з серыйным нумарам на раме і дакументамі на яго.
Калі хтосьці валодае інфармацыяй пра скупку чужых рэчаў, просьба тэлефанаваць па нумары аддзялення крымінальнага вышуку РАУС
2-11-70 ці 102.
Ананімнасць і ўзнагароджанне гарантуюцца.
Віталій ДАВІДОЎСКІ,
начальнік аддзялення крымінальнага вышуку РАУС.