Рэзерв ініцыятыўнасці. Мінулы працоўны тыдзень завяршыўся сесіяй Маладзёжнага парламента пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў
Пройдзены год стаў яркім у плане розных дабрачынных, патрыятычных акцый, мерапрыемстваў. Пра тое, з якімі вынікамі падышлі да чарговай сесіі, расказала старшыня ляхавіцкага Маладзёжнага парламента Алена Андрэева.
Сярод важных аспектаў у сваёй рабоце маладыя парламентарыі адзначаюць дабрачыннасць. У сваёй справе яны знайшлі аднадумцаў – актывістаў БРСМ і супрацоўнікаў аддзялення па ахове аб’ектаў г. Ляхавічы – і завіталі ў ЦКРНіР з місіяй падарыць цуд выхаванцам.
Не менш важкім быў і ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Цуды на Каляды». З асаблівай цеплынёй і клопатам ставяцца члены МП да жыльцоў дома сумеснага пражывання пажылых грамадзян і інвалідаў у Ганчарах. Менавіта па гэтым адрасе прыязджае нераўнадушная моладзь з песнямі і падарункамі.
Не абышлі бокам і акцыі ў рамках «Тыдня лесу», «Чысты вадаём». А з нагоды 78-й гадавіны заканчэння Вялікай Айчыннай вайны Маладзёжны парламент прыняў удзел у пасадцы алеі ў вёсцы Марынова.
У маі ўпершыню быў праве-дзены міжрэгіянальны форум «Аб’ядноўваючы – умацоўваем». Маладыя парламентарыі з Ляхавіцкага і Ганцавіцкага раёнаў, горада Баранавічы сустрэліся і плённа папрацавалі падчас форуму: абмеркавалі работу, падзяліліся ідэямі і планамі.
Значная частка работы – дзейнасць у праекце «Школа маладога дэпутата». Важны складнік – сустрэчы з дэпутатамі розных узроўняў. Экскурсам у дэпутацкае жыццё стала наведванне Дома Урада.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч пацікавіўся, чаго не хапае для больш выніковай работы Маладзёжнага парламента.
– Хацелася бачыць большай актыўнасці членаў МП, заці-каўленасці кожнага. Частка членаў у сувязі з пераездам ці вучобай сёння не можа паўнацэнна працаваць. Таму падчас сесіі склад парламента абновіцца, – адзначыла Алена Андрэева.
Таксама ад гэтай маладзёжнай структуры хацелася б бачыць больш самастойных рэалізаваных ідэй, пра гэта гаварыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак. Сёння гэта перспектыўны кадравы рэзерв, таму варта сябе праявіць, прадэманстраваць актыўнасць і ініцыятыўнасць.
Апладысментамі віталі новых членаў Маладзёжнага парламента, пацікавіліся ў кожнага, з якімі ідэямі і настроем прыступаюць да працы. Поспехаў і ініцыятыўнасці!
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.