Фундамент для развіцця. Напярэдадні гістарычнай даты – 7 лістапада – у СШ № 1 адбылася дыялогавая пляцоўка «Спадчына Кастрычніка»
Напярэдадні гістарычнай даты – 7 лістапада – у СШ № 1 адбылася дыялогавая пляцоўка «Спадчына Кастрычніка», на якую сабраліся прадстаўнікі розных пакаленняў.
Удзельнікі пляцоўкі – прадстаўнікі КПБ і грамадскіх аб’яднанняў, дэпутаты райсавета, прадстаўнікі Маладзёжнага парламента пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў, настаўнікі і навучэнцы – разважалі пра значэнне і ўрокі Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, прычыны і ролю кастрычніцкіх падзей у лёсе Беларусі.
Уступам да абмеркавання стаў прагляд фільма, заснаванага на гістарычных фактах мінулага стагоддзя.
Бясспрэчны факт: нягледзячы на шматлікія супярэчнасці і пралікі, рэвалюцыя кардынальна паўплывала на ход гісторыі і стала паваротным момантам у фарміраванні беларускай дзяржаўнасці.
Вольга БУРАК, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама:
– 7 лістапада ў нашай краіне адзначаецца на дзяржаўным узроўні. І гэта нездарма: кастрычніцкія падзеі мелі глабальнае значэнне не толькі для Расіі, але і для Беларусі. Пасля Кастрычніка на тэрыторыі нашай краіны пачаўся сапраўдны прарыў. І заснаваны ён быў на вялікім энтузіязме людзей. За два дзесяцігоддзі – з моманту заканчэння грамадзянскай вайны і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны – пераадолены адсталасць і голад, ліквідавана непісьменнасць, дадзены старт развіццю эканомікі краіны і г. д. Пералічваць станоўчыя вынікі і ўрокі рэвалюцыі 1917 года можна доўга, але галоўнае – наша краіна выстаяла, умацавалася і выйшла з выпрабаванняў самастойнай і незалежнай краінай. Беларусь – сацыяльна арыентаваная дзяржава, дзе кожны грамадзянін мае права на бясплатную адукацыю і медыцыну, дзе падтрымліваюць маці і сем’і, аказваюць падтрымку ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Наталля КУЛАК, дырэктар СШ № 1, першы сакратар Ляхавіцкага раённага камітэта КПБ:
– Дзякуючы Кастрычніку ідэі сацыяльнай справяд-
лівасці і роўнасці сталі агульнапрынятымі ў свеце. Таму галоўная спадчына рэвалюцыі – менавіта сацыяльныя заваяванні: быў устаноўлены васьмігадзінны працоўны дзень, з’явіліся бясплатныя адукацыя і медабслугоўванне, жанчынам прадастаўлены роўныя правы з мужчынамі. Ліквідаваны саслоўі і звязаныя з імі прывілеі.
Для нашай краіны кастрычніцкія падзеі адыгралі ролю нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння. Мы не тутэйшыя, мы – беларусы! Пад-
растаючае пакаленне проста абавязана ведаць гісторыю, цаніць яе і захоўваць традыцыі, любіць сваю Айчыну і малую радзіму. А традыцый, якімі можна ганарыцца, у беларусаў шмат. Адна з іх – напярэдадні 7 лістапада адкрываць сацыяльна значныя аб’екты.
Аляксей НАВІЦКІ, галоўны спецыяліст райвыканкама:
– Кастрычнік 1917 года можна лічыць пераломным перыядам паміж дзвюма эпохамі – Расійскай імперыяй і Савецкім Саюзам. Рэвалюцыя паклала пачатак станаўленню беларускай дзяржаўнасці. Наша краіна ўваходзіла ў склад СССР з пэўнымі вынікамі і дасягненнямі. І гэта важкі факт. Дзякуючы адзінству рэспублік, магутнасці Савецкага Саюза і патрыятызму народа выстаялі і перамаглі ворага ў Вялікай Айчыннай вайне. І менш чым праз дзесяцігоддзе змаглі выйсці на даваенны ўзровень і забяспечыць рост эканомікі. Напрыканцы 50-х гадоў пачалі будаваць новыя дамы. Адзначаўся і рост сельскай гаспадаркі, прамысловасці і г. д. Хтосьці і з нашых землякоў за руплівую працу ўзнагароджваўся ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Паказальны і той факт, што ва ўмовах ваеннага становішча быў створаны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, а затым і іншыя ВНУ. А стартавай пляцоўкай быў 1917 год.
Падрыхтавала Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА