Навігатар настроены сацыяльна. Днямі на Ляхавіччыну прыехаў новенькі сацыяльны падарунак

Днямі на Ляхавіччыну прыехаў новенькі сацыяльны падарунак. У прамым сэнсе – прыехаў! Аўтапарк тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва абнавіўся. З двух транспарных сродкаў, што маюцца, адзін заменіць спецыяльны – машына сацыяльнага абслугоўвання.

А 3 лістапада намеснік старшыні аблвыканкама Вадзім Краўчук у святочнай атмасферы ўручыў дырэктару ТЦСАН Таццяне Равінскай ключы ад сацыяльнага аўто. Дарэчы, як паведамляе тэлеграм-канал Брэсцкага аблвыканкама, спецыяльныя легкавыя аўтамабілі для ўсёй краіны вырабляюцца ў ААТ «БРЭСТМАШ». Па заказе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь выраблена 39 спецыяльных легкавых аўтамабіляў для ўсіх абласцей. Брэстчыне перададзена шэсць новых машын сацыяльнага абслугоўвання.
– На сёння ў тэрытарыяльных цэнтрах Брэстчыны абслугоўваецца больш за 400 тысяч чалавек, з іх 12 тысяч тыя, каму патрэбна абслугоўванне на даму. У асноўным гэта тыя, чый узрост 80 і больш гадоў. Таксама абслугоўваюцца 8 тысяч адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян. Даная спецтэхніка дазволіць своечасова вырашаць тыя задачы, якія стаяць перад сацыяльнымі цэнтрамі, – адзначыў Вадзім Краўчук.
У спісе шчасліўчыкаў і Ляхавіцкі ТЦСАН.


– Сёння такі транспарт назвычай запатрабаваны. Шмат задач і мэт, дзеля чаго будзе выкарыстана гэтая адзінка. Напрыклад, каб даехаць да адрасоў з мэтай абследавання жыллёва-бытавых умоў пражывання грамадзян, для наведвання і аказання дапамогі непраца-
здольным грамадзянам, якія жывуць у аддаленых і маланаселеных пунктах. Часам неабходна даставіць наведвальнікаў у аддзяленне
сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў. Тым больш, што транспарт абсталяваны пандусам, зручна выкарыстоўваць для транспарціроўкі інваліда-калясачніка. У машыне пяць месцаў. Канешне, такая дзяржаўная падтрымка – бясцэнны ўклад для тых, каму важна і неабходна дапамога, – гаворыць Таццяна Равінская.
А вось за баранку новай спецтэхнікі Ляхавіцкага ТЦСАН даверана сесці вадзіцелю з немалым стажам і добрай працоўнай характарыстыкай – Андрэю Гуліцкаму.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.