Большы давер, большая аддача! Кіраўніцтва Ляхавіцкага раёна сустрэлася з маладымі спецыялістамі
Штогадовыя сустрэчы кіраўніцтва раёна з маладымі кадрамі на Ляхавіччыне сталі ўжо традыцыяй. Сёлета ў раён размеркавалася 99 маладых спецыялістаў (па стане на 1 верасня 2023 года).
Як заўжды, самым масавым папаўненнем стала медыцынскае – 31 чалавек. Пашырыліся рады і сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый перапрацоўчай прамысловасці раёна – 25 спецыялістаў, у адукацыйнай сферы – 12 новых маладых працаўнікоў.
Летам гэтыя маладыя людзі сказалі «бывай» студэнцкаму жыццю, інтэрнату, сесіям і залікам, а звыклыя аўдыторыі змянілі на кабінеты, амбулаторыі, цэхі, лабараторыі… Новы этап у жыцці пачынаецца. І тут узнікае шмат пытанняў: працаўладкаванне, настаўніцтва, матэрыяльныя выплаты, прадугледжаныя калектыўным дагаворам, жыллёвыя пытанні, бытавыя моманты і г. д.
Добра, калі на прадпрыемстве ці ў арганізацыі ёсць каму зарыентаваць пачынаючага спецыяліста.
А калі ёсць спрэчныя пытанні, варта знаць, куды і да каго звярнуцца. Гэтыя моманты ў многім сталі акцэнтнымі падчас сустрэчы.
Шчыра вітаў маладых спецыялістаў на ляхавіцкай зямлі старшыня райвыканкама Мікалай Мароз. Шмат слоў гучала пра наш раён, яго здабыткі і перспектывы. Галоўнае, на чым засяродзіў увагу кіраўнік раёна, – гэта жаданне маладых рэалізоўваць гэтыя перспектывы, рабіць наш горад лепшым, утульным, месцам, дзе хочацца жыць і адкуль не хочацца выязджаць.
– Ваша будучыня ў вашых руках. Вы вырашаеце, як вам жыць далей. Канешне, кожны сам выбірае свой шлях. Лёс накіраваў вас сюды, на Ляхавіччыну: выкарыстайце гэты час для ўдасканалення сваіх здольнасцяў. Нашы прадпрыемствы і арганізацыі маюць усё патрэбнае, каб даць вам добры старт па кар’ернай лесвіцы. Кіраўніцтва раёна заўжды з увагай ставіцца да пытання працаўладкавання моладзі ва ўстановы раёна. Такія сустрэчы здараюцца не рэдка, таму заўжды чакаем ад вас прапаноў, ідэй, нейкіх заўваг. Вы наша будучыня, кадравы рэзерв, ваш голас і меркаванне – гэта як арыенцір у рабоце. Мы зацікаўлены ў тым, каб вы замацаваліся на Ляхавіччыне, – адзначыў Мікалай Мароз.
Калі моманты з працаўладкаваннем вырашаны, пачынаецца вырашэнне не менш важнага пытання – жыллёвага. Як стаць на ўлік маючых патрэбу ў жыллі, хто можа прэтэндаваць на атрыманне арэнднай кватэры, і што для гэтага патрабуецца, у дэталях расказала начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Марына Завадская.
– Кожны год вызначаецца доля жылля, якая будзе размеркавана па характары працоўных адносін. Напрыклад, у 2021 годзе выдзелена 85 арэндных кватэр, з іх 25 кватэр былі размеркаваны па характары працоўных адносін. У мінулым годзе з 35 арэндных кватэр 10 жыллёвых памяшканняў атрымалі, як часта гавораць, статус службовага. Сёлета, напрыклад, з 28 арэндных кватэр 7 выдзелены па характары службовых адносін. Таму, калі вы прапісаны ў іншым населеным пункце, трапілі ў Ляхавічы па размеркаванні, маеце магчымасць атрымаць арэнднае жыллё. Варта напісаць заяву
ў службу «Адно акно» і мець хадайніцтва з месца працы, – растлумачыла працэс атрымання арэнднага жылля Марына Завадская.
Нюансаў у жыллёвым пытанні шмат. Таму ў аддзеле заўжды пракансультуюць. Можна звярнуцца непасрэдна да спецыялістаў у кабінеты 209, 210, 215 райвыканкама ці па тэлефонах 2-13-26 і 2-15-50.
Прагучала пытанне: ці можа малады спецыяліст, які вучыўся за кошт уласных сродкаў, але ж па ўласнай просьбе атрымаў размеркаванне і прыбыў на адпрацоўку, атрымаць арэнднае жыллё. Згодна з артыкулам 111 Жыллёвага кодэкса, першачарговае права на прадастаўленне арэнднага жылля камунальнага жыллёвага фонду маюць грамадзяне з ліку маладых працоўных (служачых), маладых спецыялістаў, якія атрымалі адукацыю за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, якія прыбылі на працу па размеркаванні, пераразмеркаванні, накіраваных, перанакіраваных на працу ў адпаведнасці з дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы і некаторыя іншыя катэгорыі.
Калі жыллёвае пытанне вырашана, пачынаюцца іншыя – бытавыя. Дапамагчы ў гэтым пытанні можа льготнае крэдытаванне. Вядучы спецыяліст аддзела льготнага і іпатэчнага крэдытавання ЦБП № 117 ААТ «ААБ Беларусбанк» Наталля Сяргей расказала, якім чынам маладыя спецыялісты могуць атрымаць ільготны крэдыт. Варта адзначыць, што ён распаўсюджваецца на набыццё хатняй маёмасці і тавараў першай неабходнасці. Немалаважны момант – крэдыт можна накіраваць толькі на тавары айчыннай вытворчасці.
Як адзначыла Наталля Сяргей, стаўка па крэдыце складае 25 пра-
цэнтаў стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка. Тэрмін пагашэння крэдыту – да пяці гадоў.
Для многіх маладых спецыялістаў Ляхавіччына не толькі першае працоўнае месца, але і незнаёмы куток Беларусі. Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч расказала, як у раёне працуюць з моладдзю.
– Сёння мы з радасцю гатовы прыняць вашы ідэі наконт правядзення вольнага часу, правядзення акцый і розных чэленджаў. У нас шмат прыкладаў, калі добрая ініцыятыва аб’ядноўвала нераўнадушных. Напрыклад, квэст па гістарычных мясцінах раёна, інтэлектуальная гульня «Бітва розумаў», турзлёты, вулічны фестываль «Адкрыты мікрафон»! Для гэтага працуюць маладзёжныя арганізацыі – БРСМ, піянерская арганізацыя, Беларуская маладзёжная грамадская арганізацыя выратавальнікаў-пажарных. Паспяхова заявіў пра сябе Маладзёжны парламент пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў. Чакаем кожнага з ініцыятывай і ў радах актывістаў грамадскіх аб’яднанняў, – адзначыла Ларыса Юшкевіч.
Як стаць паспяховым у сваёй сферы? Калектыўны адказ разам
з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце агракаледжа Таццянай Траццяк шукалі маладыя землякі. Трэнінг з выкарыстаннем інтэрактыўных метадаў навучання стаў для маладых спецыялістаў не толькі адказамі на многія пытанні, але нагодамі паразважаць. А яшчэ паспрачацца і, канешне, пазнаёміцца.
– Сёння ў нашай моладзі ёсць усе шанцы рэалізаваць свае планы і задумкі. Усё залежыць ад вас, не заставайцеся ўбаку ад гра-
мадскага жыцця. Праяўляйце сябе не толькі ў працоўнай дзейнасці. Чакаем вашай актыўнасці і падчас будучай электаральнай кампаніі, слова маладых – гэта сённяшні выбар заўтрашняга дня, – адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч.
Яна Дзедуль, урач псіхіятр-нарколаг БАПБ «Крывошын»:
– Сустрэча атрымалася вельмі патрэбнай для нас, маладых спецыялістаў. Не заўсёды проста знайсці сябе, не разгубіцца на першых працоўных кроках, як часта гэта бывае ў чужым горадзе. Мне пашчасціла размеркавацца на Ляхавіччыну. Не скажу, што гэта лёс. Да вызначэння месца працы падыходзіла адказна. Высокі сярэдні бал дазволіў самастойна выбраць месца для размеркавання. Быў яшчэ варыянт у Баранавічах. Але ж год інтэрнатуры ў псіхіятрычнай бальніцы «Крывошын» даў магчымасць пазнаёміцца з установай, матэрыяльна-тэхнічнай базай,
умовамі і г. д. Шчыра сказаць, не шкадую. Вялікая тэрыторыя ўстановы аховы здароўя, маляўнічае месца – толькі плюс да нашай спецыфікі працы. Не палохае і тое, што даводзіцца дабірацца з Ляхавіч. Загадзя пра гэта паклапацілася, атрымала вадзіцельскае пасведчанне,
набылі транспарт. Нас як маладую сям’ю сустрэлі шыкоўна, падтрымалі і дапамаглі ўладкаваць жыццё. Муж працуе анестэзіёлагам-рэаніматолагам у Ляхавіцкай ЦРБ. Чую толькі станоўчыя водгукі наконт падтрымкі маладых спецыялістаў з боку кіраўніцтва. Атрымалі арэндную кватэру, у нас як у спецыялістах зацікаўлены, гэта адчувальна. Ільготны крэдыт ад «Беларусбанка» дазволіў зрабіць кватэру ўтульнай. Да таго ж атрымалі ўсе матэрыяльныя бонусы і на працы. Гэта, канешне, радуе. Важны момант – заўсёдная падтрымка з боку калег. У кожнага маладога спецыяліста ў бальніцы свой урач-настаўнік. Я вучуся ў загадчыцы аддзялення Алены Каспяровіч: яе парады каштоўныя, а адносіны –
як да роўных, за гэтае вялікі дзякуй. Больш таго, галоўны ўрач аблбальніцы Вольга Монак імкнецца не толькі весці нас па працоўнай дзейнасці, але ж знайсці для кожнага грамадскі занятак па душы. Мне даверана стаць адказным па ідэалагічнай рабоце. Мяне гэта тэма літаральна захлынае з галавой. Праца інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, сустрэчы з калектывам, работа ва ўсіх сацыяльных сетках –
гэта таксама маё. Маладым давяраюць, а значыць мы не маем права падвесці!
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.