Участак адказнасці. 17 лістапада прафесійнае свята адзначаюць участковыя інспектары міліцыі
17 лістапада прафесійнае свята адзначаюць участковыя інспектары міліцыі
Сёлета дата адметная – службе ўчастковых інспектараў міліцыі спаўняецца сто гадоў. Менавіта ў 1923 годзе Цэнтральным адміністрацыйным упраўленнем Народнага камісарыята ўнутраных спраў РСФСР зацверджана Інструкцыя ўчастковаму наглядчыку горада, якая паклала пачатак развіццю службы.
Сёння аддзяленне аховы правапарадку і прафілактыкі Ляхавіцкага РАУС аб’ядноўвае ў сваіх радах дзесяць участковых інспектараў міліцыі. Кожны з іх на давераным участку штодзённа стаіць на варце закону і інтарэсаў грамадзян. Узначальвае падраздзяленне падпалкоўнік міліцыі Сяргей Хмарук, які ведае службу знутры – сам «родам» з участковых, доўгі час у зоне яго адказнасці знаходзіўся Жарабковіцкі сельсавет.
– Стаўку ў рабоце робім на цеснае ўзаемадзеянне з насельніцтвам. Не дапусціць і папярэдзіць правапарушэнне –
галоўная задача нашых супрацоўнікаў, – адзначае Сяргей Хмарук. – Участковыя інспектары на перадавой у барацьбе з сямейна-бытавымі канфліктамі. Дзякуючы мэтанакіраванай рабоце ўчастковых сёлета асуджаны ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі 29 чалавек, якія злоўжывалі спіртным,
ізаляваны – 25. Узбуджана восем крымінальных спраў па фактах катавання, наўмыснага прычынення лёгкіх і цяжкіх цялесных пашкоджанняў. А гэта значыць, што сем’і, дзе зарэгістраваны такія факты, у літаральным сэнсе, пачалі жыць спакойна… З пачатку года ўчастковыя канфіскавалі не менш за 600 літраў моцных алкаголь-ных напіткаў і паўфабрыкатаў для іх вырабу, сем самагонных апаратаў і г. д.
За амаль два дзесяцігоддзі службы ўчастковым заслужыў аўтарытэт і павагу насельніцтва сённяшні намеснік начальніка ААПП маёр міліцыі Сяргей Ісаханаў.
Надзейныя, кампетэнтныя і ўважлівыя – гэта пра старшых участковых інспектараў Міхаіла Сцепанькова і Аляксандра Куніцкага, якія ў праваахоўнай сістэме больш за два дзесяцігоддзі. На сваіх участках – у Крыво-шынскім і Востраўскім сельсаветах – яны асобы вядомыя.
З верасня паўнамоцтвы ўчастковага Сяргея Куніцкага распаўсюджаны на два адміністрацыйныя участкі – Навасёлкаўскі і Конькаўскі. І з абавязкамі спраўляецца, што пацвярджаюць не толькі паказчыкі, але і добрыя словы вяскоўцаў у яго адрас.
У прафілактычнай рабоце таксама вызначаецца Аляксандр Хоміч. Тры гады назад ён змяніў аддзяленне крымінальнага вышуку на ўчастковую службу і ні дня не пашкадаваў. Дапа-магаюць у працы не толькі ўменне слухаць і бачыць, але і дыплом юрыста Акадэміі МУС. У зоне яго адказнасці два сельсаветы – Жарабковіцкі і Начаўскі, дзе ён увасабляе, можна сказаць, усе падраздзяленні РАУС. Прыструніць юнага парушальніка, знойдзе, калі спатрэбіцца, управу і на сямейнага скандаліста, прымірыць суседзяў і здыме з парадку дня іншыя рознагалоссі. У яго паслужным спісе не толькі пошукі грыбнікоў, але і раскрытыя злачынствы. Неяк паступіла паведамленне, што на ўчастку нецвярозы неаднаразова судзімы вясковец збівае мясцовага жыхара. Старшы лейтэнант Хоміч аператыўна прыбыў на месца здарэння і дэталёва ўстанавіў карціну падзей. На падставе расследавання ўчастковага ўзбуджана крымінальная справа.
Тэлефон участковага многія ведаюць на памяць, як 102 ці 101. І званкі з просьбай аб дапамозе для Хоміча – звыклая з’ява. Разумее, што яго задача – пазбавіць чалавека ад праблемы. Таму да абавязкаў ставіцца старанна і нераўнадушна. На выбар прафесіі маладога ўчастковага паўплывала меркаванне бацькі, які лічыць міліцэйскую службу справай для сапраўдных мужчын. Кіраўніцтва РАУС Аляксандра характарызуе як граматнага і перспектыўнага супрацоўніка.
Ад пільнага вока ўчастковага інспектара Віталія Малевіча на тэрыторыі Альхоўскага, частцы Крывошынскага і Ганчароўскага сельсаветаў не выпадзе з-пад увагі нішто. Так, калі ў зводках з’явіўся факт знікнення на яго ўчастку маёмасці з нежылога дома, узгадаў, што бачыў у той мясцовасці незнаёмцаў. У выніку крадзеж па гарачых слядах быў раскрыты. У цывільным жыцці Віталій – інжынер лясной гаспадаркі, але час паказаў, што па душы яму служба міліцэйская. У РАУС пачынаў вадзіцелем, быў памочнікам дзяжурнага. А пасаду ўчастковага лічыць універсальнай, дзе трэба разбірацца ў шматлікіх галінах.
– Ніколі не ведаеш, з якім пытаннем да цябе звернуцца. Кожную сераду я і мае калегі вядзём прыём насельніцтва. Бывае і так, што паступаюць пытанні не міліцэйскага характару. А бывае, давяраюць і просяць паўплываць на дамашніх. Цесна ўзаемадзейнічаем са старшынямі сельвыканкамаў, спецыялістамі сацыяльнай службы, медыкамі і супрацоўнікамі РАНС і г. д., – адзначае Віталій Малевіч.
Кола абавязкаў на яго немалым участку шырокае – ад аховы правапарадку да гутарак з насельніцтвам. Важна, адзначае старшы лейтэнант Малевіч, знайсці патрэбнае слова падлетку, які вырашыў, што ён ужо дарослы і можа ўжываць спіртное, даходліва растлумачыць бабулі пра небяспеку гасціннага прыёму незнаёмцаў і паўплываць на дэбашыра. А яшчэ сабраць неабходныя дакументы, праверыць тых, хто стаіць на ўліку і г. д.
Уважлівы і адказны, Віталій Малевіч ведае сваю работу і выконвае яе, па словах кіраўніцтва, на высокую адзнаку.
Сяргей Куніцкі, Віталій Малевіч і Аляксандр Хоміч за працоўныя заслугі запрошаны на абласную ўрачыстасць, прысвечаную прафесійнаму святу, дзе атрымаюць узнагароды.
Стагоддзе службы – нагода ўзгадаць прозвішчы ўчастковых інспектараў, якія і пасля выхаду на заслужаны адпачынак засталіся на сувязі з калегамі: Вячаслаў Новік, Сяргей Куніцкі, Іван Дубіна, Уладзімір Тадра, Міхаіл Ільюкевіч, Іван Бецька.
– Участковыя інспектары міліцыі заўсёды навідавоку і першымі су-тыкаюцца з парушальнікамі парадку. Жадаю ім поспехаў у справе служэння закону, народу і Айчыне! Здароўя і надзейнага сямейнага тылу. Няхай будзе больш нагод для радасці і прыемных момантаў, а падведамасныя ўчасткі будуць сярод узорна-паказальных, –
шчырыя віншаванні з прафесійным святам адрасуе начальнік РАУС Андрэй Бурдзь.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.