ААТ «Жарабковічы». Кадры, караняплоды, каровы

У спісе прадстаўнікоў Ляхавіцкага раёна – пераможцаў штогадовага абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы травяністых кармоў значацца выключна «жарабковіцкія» прозвішчы.

Механізатары Дзмітрый Туцін
і Арцём Жынгяроўскі.

Уладзімір Сакалоўскі, Аляксандр Мікуліч, Юрый Дымар, Анатолій Петух – квартэт механізатараў, якія ўвесь доўгі корманарыхтоўчы сезон адпрацавалі зладжанай камандай. Можна і правільна будзе сказаць – борт у борт. Першы ў спісе – Уладзімір – быў такім і на зялёным палетку, як машыніст кормаўборачнага камбайна задаваў тэмп рабочаму працэсу. Аляксандр, Юрый і Анатолій трактарысты – адвозчыкі зялёнай масы ўсе доўгія летнія, а пазней не менш напружаныя асеннія дні «чаўночылі» на маршруце «ўборачнае поле – сянажна-сіласная траншэя» і наадварот. І ў тых дзясятках тысяч тон наяўнага сёння травяністага кармавога запасу ААТ «Жарабковічы» бачны вялікі ўдзел і значная заслуга чацвёркі ўмелых і старанных механізатараў. Абласныя чэмпіёны сельгасвытворчасці, калі кароткім сказам.
Цукровыя буракі складаюць даўнюю жарабковіцкую і, неабходна прызнаць, лепшую ў гэтым раённую гісторыю. Увесь вырашчаны на
900 гектарах салодкі караняплод даўно ўбраны. Больш таго, накапаныя амаль 45 тысяч тон ледзь ці не стратэгічнага прадукту пакінулі палеткі – вывезены ў накірунку Жабінкі. Буракаўборачны камбайн пасля працяглай работы ў рэжыме 24/7 заняў месца на адным з машынных двароў гаспадаркі. Камбайнеры (а салодкія ўборачныя гектары прыкладна пароўну падзялілі на траіх Віктар Клемяня, Юрый Славута, Іван Касміна) займаюцца іншымі справамі – адпачываюць ад буракоў.
Для самай буйной гаспадаркі раёна бягучы год адметны новым будаўніцтвам. У чыстым полі на ўскрайку аграгарадка Падлессе пабудавана і ў нядаўнім жніўні запушчана ў эксплуатацыю малочнатаварная ферма. Усё па-сучаснаму: тэрыторыя ў бетоне, у
двух кароўніках многа прасторы, святла, паветра. Ды і проста прыгожа, а тым жа камп’ютарызаваным даільна-малочным блокам нікога зараз не здзівіш. Хутчэй наадварот – здзівіш яго адсутнасцю.
На гэты час, па словах намесніка дырэктара ААТ Алены Навалочка, ферма амаль поўнасцю запоўнена жывёлай. На ўтрыманні знаходзіцца больш за 800 кароў, шторазовы вал малака ў сярэднім складае 9 300 кілаграмаў, а яго таварная якасць адпавядае гатунку
экстра. Але гэта яшчэ не фініш: завяршаецца распрацоўка праекта, у адпаведнасці з якім на тэрыторыі будзе разгорнута ўзвядзенне прафілакторыя для ўтрымання цялят і ўтрымання сухастойнай жывёлы з асобным ДМБ.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.