Дапаможныя службы. «Кампрамат» на насенне
Сельгаспрадпрыемствам Ляхавіччыны добра вядомы адрас
у райцэнтры – вуліца Матросава, 3, дзе размяшчаецца раённая дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. Менавіта гэта служба кантралюе вытворчасць, перапрацоўку, захоўванне, рэалізацыю і выкарыстанне насення.
Спецыялісты інспекцыі ў адказе і за стан пасеваў сельскагаспадарчых раслін, каранцінны нагляд. У службе сабраны поўны «кампрамат» на насенне, якое кладзецца ў глебу.
Начальнік – дзяржаўны інспектар Таццяна Лойка адзначае: пад яравую і азімую сяўбу праведзена 560 проб насення, нарыхтаванага сельгаспрадпрыемствамі, і яно па выніках іспытаў адпавядае патрабаванням. Пасяўныя якасці зярнят больш за чатыры гады «экзаменуе» вядучы аграном – дзяржаўны інспектар Наталля Таранда.
І ў рабоце яна надзвычай патрабавальны і вопытны спецыяліст.
Дзейнасць спецыялістаў дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін – не кабінетная. Так, сёлета яны абследавалі 26 000 гектараў пасеваў сельскагаспадарчых культур. Абследаванне ўключала праверку на засмечанасць пустазеллем, наяўнасць шкоднікаў і хвароб. Па выніках выездаў сельгаспрадпрыемствам даюцца рэкамендацыі па агратэхнічных мерапрыемствах, якія трэба правесці, каб выправіць сітуацыю.
Зараз клопат дзяржінспекцыі – праверка насення льну, збожжавых і зернебабовых, траў пад ураджай 2024 года. Прычым, сезон у гэтай службы круглагадовы, і зацішак не наступае нават зімой, адзначае начальнік дзяржінспекцыі Таццяна Лойка, якая ў прафесіі 17 гадоў.
– Працуем адной зладжанай камандай і разумеем сваю адказнасць за будучы раённы ўраджай і нават надоі. Мае калегі – спецыялісты вопытныя і кампетэнтныя. Напрыклад, галоўны спецыяліст аддзела аховы раслін Алена Чаранкевіч у службе 25 гадоў, добрасумленна і паспяхова на сваім участку работы выконвае адказныя задачы, – падкрэслівае Таццяна Лойка.
Сельскагаспадарчае жыццё раёна немагчыма ўявіць і без іншых аграрнага прызначэння службаў: міжраённай ільнонасенстанцыі, раённай ветэрынарнай станцыі, племстанцыі, аддзела па Ляхавіцкім раёне абласной станцыі хімізацыі. Усе яны разам і паасобку садзейнічаюць стабільнаму развіццю сельскай гаспадаркі нашага раёна.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА